Прафесіяналы з усяго свету на гэтым тыдні сабраліся ў Казані на WorldSkills

24 августа 2019

Прафесіяналы з усяго свету на гэтым тыдні сабраліся ў Казані, каб змагацца за званне лепшага. Міжнародны чэмпіянат сярод прадстаўнікоў рабочых прафесій аб'яднаў токараў, кандытараў, механікаў, ювеліраў - усяго 56 спецыяльнасцяў у самых розных сферах. "Будучыня ў тваіх руках" - галоўны пасыл 45-га конкурсу. Свае навыкі на турніры дэманструе і беларуская каманда. Ужо  трэці раз наша краіна выступае на турніры. 

Аляксандра Кавеліч адправілася ў Казань, каб першай  даведацца аб поспехах маладых прафесіяналаў.

Стук малаткоў, роў матораў ці, наадварот, мерны гул высокадакладнай тэхнікі… Такія "саўндтрэкі" суправаджаюць Міжнародны чэмпіянат па стандартах WorldSkills. Алімпіяда сярод прадстаўнікоў рабочых прафесій (менавіта так яшчэ называюць турнір) вось ужо  45-ты раз аб'яднала каманды з 63 краін.

Сапраўдны горад майстроў - па-іншаму выставачны цэнтр "Казань Экспо" зараз не назавеш. Вялізныя павільёны (іх спецыяльна пабудавалі да міжнароднага турніру) на тры дні ператварыліся ў майстэрні па рамонце тэхнікі, студыі прыгажосці і кандытарскія. Для кожнага  напрамку  свая пляцоўка, абсталяваная па самых апошніх тэхналогіях.

Гэтая зала больш нагадвае хімічную лабараторыю. Ачысціць ваду ад забруджванняў і наладзіць абсталяванне для водазабеспячэння - галоўныя задачы акватронікаў. Улад Савіцкі стаў першым удзельнікам у гэтай кампетэнцыі ад нашай краіны. Асвойваць новы  напрамак студэнт з Маладзечна пачаў усяго год таму. Зараз упэўнены: гэта прафесія будучыні.

Каб паказаць свае навыкі на міжнародным узроўні, у Казань прыехалі 36 беларускіх майстроў: кулінары, механікі, дызайнеры. Для кожнага з іх  гэта не проста прафесійны выклік.

Абмен тэхналогіямі ў розных сферах, а яшчэ павышэнне прэстыжу рабочых прафесій - галоўныя ідэі руху WorldSkills. А таму турнір становіцца яшчэ і сусветнай пляцоўкай для абмеркавання стандартаў і якасці прафесійнай адукацыі.