Прафесійнае свята ў супрацоўнікаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева ў Барысаве

15 сентября 2020
Дзень бібліятэк. Прафесійнае свята разам з калегамі сёння адзначаюць і супрацоўнікі аднога з найстарэйшых і найбуйнейшых кнігасховішчаў краіны - Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева ў Барысаве. 

Сацыякультурны цэнтр - так можна назваць установу, якая сёння прапануе чытачам не толькі багатыя кніжныя фонды, але і шэраг асветніцкіх праектаў. І для кожнай аўдыторыі бібліятэка рыхтуе свой спецыяльны праект. 

Падарунак на свята гэта бібліятэка зрабіла сабе сама. Сёлетні Дзень бібліятэк установа сустракае з Гран-пры. Узнагарода і грашовы прыз ад Social Weekend за праект "Тата побач. Мама, давай пагаворым". Гэта ўнікальная, не маючая аналагаў у Беларусі, рэгіянальна-сацыяльная ініцыятыва, накіраваная на падтрымку сем’яў, дзе ёсць асуджаныя.

Сярод новых і стратэгічных - праект, накіраваны на фінансавую граматнасць "З фінансамі на ты" (задума атрымала падтрымку беларускіх банкаў).

Бібліятэка рэалізуе і праект "Інклюзія без меж". Ён разлічаны на дзяцей і дарослых, на людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх і з іх удзелам ладзяцца выставы, літаратурныя і тэатральныя імпрэзы, гульні. У марах супрацоўнікаў музея стварыць у чатырохпавярховым будынку ліфт-пад'ёмнік, які б дапамагаў тым, каму цяжка хадзіць пешшу.

Дзень бібліятэк

"Садружнасць. Бібліятэка і калекцыянер". Дзякуючы узаемадаверу бібліятэка прыцягнула да асветніцкай дзейнасці і збіральнікаў артэфактаў. Тыя даюць бібліятэцы прадметы сваіх калекцый для выстаў. Зрэшты, выставачных залаў у сацыяльна-культурным цэнтры нямала. Адна з самых знакамітых і грунтоўных - мемарыяльна-выставачны комплекс, прысвечаны Івану Каладзееву і вайне 1812 года.

На гэтую экспазіцыю не распаўсюджваецца "рукамі не чапаць!" Наведвальнікам дазваляецца прымерыць трохвуголку а-ля Напалеон ці ўзважыць у руках ружжо салдата рускай арміі. Можна рабіць фотаздымкі і сэлфі. Тут жа ў экспазіцыі напамін пра яе літаратурную начынку: талісман залы сам чытае і да гэтага заклікае ўсіх.

Дзень бібліятэк

У падарожжы па барысаўскай бібліятэцы можна разгубіцца: чатыры паверхі, на кожным  музеі, галерэі, чытальныя залы. Пачатак пачаткаў тут - краязнаўчы цэнтр, галоўная каштоўнасць якога - багатая калекцыя аўтографаў. З 50-х гадоў мінулага стагоддзя тут збіраюць аўтографы знакамітых гасцей. У Барысаве з чытачамі сустракаліся Васіль Зуёнак, Пятро Глебка, Ларыса Рублеўская, Віктар Шніп.

Да гісторыі Барысава хутка будзе прыкавана ўвага ўсёй краіны. На наступны, 2021 год, горад аб'яўлены культурнай сталіцай Беларусі.