Прафесійнае свята сёння ў работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

7 мая 2016

18 гадоў таму Указам Прэзідэнта 7 мая афіцыйна стаў днём усіх спецыялістаў гэтай сферы ў суверэннай Беларусі. За складанымі тэхнічнымі фармулёўкамі стаяць людзі і іх карпатлівая праца. Бо менавіта яны забяспечваюць камунікацыю ў краіне. Летась мы адзначылі 90-годдзе Беларускага радыё, а гэты год стаў юбілейным для айчынных тэлевізійшчыкаў - 60 гадоў са дня першага выступлення Тамары Бастун.

Аб тых, хто ўсе гэтыя гады робіць эфір, у рэпартажы Ніны Мажэйкі. Яшчэ ў школе яго звалі "патэфон". 7 мая - для яго ўжо даўно не проста прафесійнае свята. Знакаміты дыктар Ілля Львовіч Курган 40 гадоў на радыё - цэлая эпоха прайшла пад яго вядомыя: "Гаворыць Мінск!". На парозе свайго юбілею перабірае архіў.

Прызнанне на камеру: аксаміцісты тэмбр - ад прыроды, астатняе - праца. Больш як 20 гадоў Курган па-за эфірам, але гэта не значыць, што па-за працэсам. За гэты час Беларускае радыё нарасціла маштабы. Адзін з самых вядомых брэндаў - Першы нацыянальны канал. Сваім вяшчаннем ён ахоплівае ўсю тэрыторыю краіны. Слухаць канал можна ў рэжыме рэальнага часу практычна ў любым месцы зямнога шара.

Гэтыя кадры гледачы першай кнопкі бачаць упершыню. Свае відэаархівы спецыяльна да свята "рассакрэціла" школа тэлебачання пры Белтэлерадыёкампаніі. Альма-матар для большасці айчынных дзеячаў тэлеіндустрыі.

Медыяхолдынг амаль 45 гадоў рыхтуе прафесійныя кадры для працы ў эфіры. З іх 11 існуе школа тэлебачання. Нягледзячы на тое, што колькасць слухачоў пастаянна расце (у сярэднім на курс набіраюць 15 чалавек), канвеерам школу не назавеш. Бяруць не ўсіх.

Іспыт на тэлегенічнасць і дыкцыю - стандартная працэдура перад тым, як стаць слухачом. Акрамя таго, гэта рэальны шанец атрымаць пропуск у тэлевізійнае закуліссе. Усе стадыі тэлевытворчасці: ад збору інфармацыі да выхаду матэрыялу ў эфір, тэхніка прамовы і журналісцкае майстэрства - праграма максімум на 3 месяцы.

А гэта ўжо гатовыя кадры. Тандэм Макей і Лаўроў перад эфірам у грымёрнай. Тонкі слой пудры, апошнія ўзмахі тушшу і, вядома, святочная стужка з яблыневай кветкай - сімвалам Перамогі - над сэрцам. Палітаглядальнікі Агенцтва тэленавін вярнулі моду на тэлевізійную калумністыку прама ў "Панараме".

Медыясуткі не маюць часовага рэгламенту. Штодня без перапынку карэспандэнты і вядучыя тэле- і радыёэфіраў працуюць. А пакуль ідзе падрыхтоўка новай праграмы - эфір працягваецца.