Праекты моладзевага конкурсу "100 ідэй для Беларусі"

29 апреля 2017

Экадом, робат-сапёр і 3Д-прынтар са школьных парт. Гэта толькі частка праектаў моладзевага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Сёння ў сталіцы вызначылі пераможцаў спаборніцтва інавацый. Сімвалічна ў Год навукі галоўную фінальную экспазіцыю конкурсу прадставілі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З ідэямі нашых маладых розумаў ужо па традыцыі прыйшлі азнаёміцца прадстаўнікі ўлады, дыпламаты, навукоўцы, уступіўшы з фіналістамі конкурсу ў адкрыты дыялог. Сваімі вачамі разумныя экспанаты ўбачыла і наш карэспандэнт Дзіяна Равякова.

Іван Залатароў - адзін з самых юных фіналістаў конкурсу. Яго ідэя для Беларусі з медыцынскім акцэнтам, яна прыйшла да яго са з'яўленнем новага сябра, у якога дзіцячы цэрэбральны параліч. Іван вынайшаў цэлы шэраг спецыяльных трэнажораў, якія ўжо дапамагаюць дзясяткам беларусаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

А вось студэнт сталічнага палітэха Максім Масальскі разам са сваёй камандай стварыў робата-рэпетытара ў галіне IT, ён навучыць школьніка або студэнта праграмаваць, а таксама разбірацца ў электроніцы і рабататэхніцы.

А гэтыя ідэі - для бяспекі Беларусі. Універсітэт грамадзянскай абароны МНС прадставіў адразу два праекты: "антытэрарыстычны комплекс", здольны абясшкодзіць выбуховае прыстасаванне і спецыяльны пажарны ствол для нашых ратавальнікаў. Гэтая распрацоўка ўзяла Гран-пры конкурсу, зараз у іх ёсць 11 з паловай тысяч рублёў на развіццё свайго праекта.

Да фіналу спаборніцтва ідэй нашых маладых розумаў сёлета дайшлі 120 праектаў, усяго ж на ўдзел у конкурсе свае заяўкі падалі звыш 2 тысяч вынаходлівых беларусаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Ёсць цікавасць, значыць, наша нацыя дастаткова багатая ідэямі і сапраўды ў нас добрыя перспектывы. Таму што моладзь думае самастойна, прапаноўваючы тыя або іншыя ідэі. Яны будуць укаранёныя ў эканоміку, запатэнтаваныя, у тым ліку, магчыма, імі зацікавяцца за мяжой".

Таксама ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся ўжо традыцыйны адкрыты дыялог. Гэтым разам тэмай абмеркавання стала "Навука будучыні - навука маладых". Дыскусія сабрала сотні ўдзельнікаў - гэта і самі канкурсанты, а таксама навукоўцы і эксперты, прадстаўнікі ўлады і дыпламаты.

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Лепшыя праекты мы прапануем сёлета ў чэрвені на расійска-беларускім форуме, які адбудзецца ў Маскве. Сёння пытанні падтрымкі праекта разглядаюцца на ўзроўні выканкама СНД".

Усе гэтыя ідэі - толькі частка вялікага амбіцыйнага праекта Саюза моладзі, які ўжо дазволіў пачаць свой шлях у цалкам розных сферах ад IT да медыцыны сотням юных беларусаў. На кожным этапе іх чакае падтрымка прафесіяналаў, майстар-класы і трэнінгі, якія дапамагаюць не пакідаць ідэю толькі ідэяй на паперы.

Пераможцаў у спаборніцтве інавацый адразу дзесяць. Менавіта столькі намінацый у конкурсе. Кожны з іх атрымае прыз - грант на распрацоўку бізнес-плана. Дадатковы бонус для кожнага з дзясятка лепшых - пуцёўка на ўдзел ужо ў міжнародным конкурсе "100 ідэй для СНД - 2018", дзе нашы маладыя розумы прадставяць Беларусь.