Праектам "Вясна Перамогі" Мінская дзіцячая музычная школа імя Глебава закрыла навучальны сезон

31 мая 2023

Канцэртам "Вясна Перамогі" Мінская дзіцячая музычная школа імя Глебава падвяла вынікі навучальнага года. Вакальныя, харавыя, інструментальныя творы агучылі лепшыя навучэнцы, педагогі і калектывы на сцэне сталічнай канцэртнай залы "Верхні горад". Больш падрабязна Наталля Бардзілоўская.

У цэнтры Мінска, літаральна на перакрыжаванні часоў і гістарычных эпох, у былым помніку архітэктуры 17 стагоддзя, побач з гарадской ратушай, велічнымі храмамі, домам, дзе жыў будучы выдатны кампазітар Станіслаў Манюшка, размясцілася кузня сённяшніх музычных кадраў. Дзіцячая музычная школа № 10 - ёй за 50, і за гэты час установа выхавала не адно пакаленне выдатных беларускіх музыкантаў. Яркія імёны, медыйныя асобы - увесь год школьнікі прыносяць альма-матэр перамогі ў конкурсах і фестывалях, але напрыканцы года агульны творчы парад дасягненняў, выніковы канцэрт! Сёлета ён прайшоў па суседстве - у канцэртнай зале "Верхні горад".

У зале - бацькі, педагогі, аматары музычнага мастацтва, якія традыцыйна спецыяльна набываюць білеты, каб пазнаёміцца з юнымі талентамі дзясятай музычнай. На сцэне - выключна лаўрэаты. Кожны калектыў, кожны саліст - школа Глебава славутая тым, што яе выхаванцы паралельна з навучальным працэсам пастаянна знаходзяцца ў фестывальным і конкурсным руху. Перамогі і званні, ад якіх імя школы гучыць, а маладое пакаленне развіваецца і творча ўзрастае. Вось, сапраўднае адкрыццё гэтага года - наш Раберціна Ларэці - Яўген Ота - заняў другое месца на Рэспубліканскім конкурсе акадэмічных спеваў "Вясновы спеў". Вынік унікальны - адзінаццацігадовы Жэня - самы малодшы і лепшы сярод 14-гадовых канкурсантаў.

Два дзясяткі нумароў. Камерная інструментальная і аркестровая музыка. Харавое выкананне і вакальнае сола. Музычна-харэаграфічныя кампазіцыі. Россып класікі і музыкі сучасных кампазітараў. Сёлета дзясятая школа за тэматычную аснову выніковага канцэрта ўзяла тэму Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі. Праект так і назвалі "Вясна Перамогі". Песні ваенных гадоў у аранжыроўках. Хіты Лучанка, Ханка, Пахмутавай. Гасцямі канцэрта-справаздачы музычнай школы сталі выхаванцы Мінскага сувораўскага вучылішча і ветэраны - не толькі слухалі, але і дарылі свае галасы публіцы "Верхняга горада"

Тэматычныя канцэрты - творчы стыль мастацкай школы нумар 10. Акрамя "Вясны Перамогі" ў афішы ўстановы "Музыка беларускіх кампазітараў у сэрцах нашых дзяцей" і "Музыка народаў свету".

Школа не толькі выконвае - нараджае новыя творы. Ва ўстанове дзейнічае аддзяленне кампазіцыі, 25 навучэнцаў якога - будучыя стваральнікі шэдэўральных опусаў. На канцэрце ў гонар Перамогі - аўтарская прэм'ера.

Усе яркія кампазітарскія спробы ў школе Глебава збіраюць, каб па выніках выдаць немалы арыгінальны том.