Праект Разумныя сеткі працягвае рыхтаваць прафесійных аналітыкаў

2 апреля 2014

Перспектыўныя маладзёжныя ідэі вызначаць будучыню дзяржавы. Праект Разумныя сеткі працягвае рыхтаваць прафесійных аналітыкаў. Сёння на канферэнцыі ў Мінску ўдзельнікі праекта абмеркавалі галоўныя пытанні дзяржаўнай палітыкі на найбліжэйшыя пяць гадоў. Лепшыя маладзёжныя ідэі адправяцца ў інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, а пераможцы атрымаюць запаветную пасаду аналітыка.


З удзельнікамі пагутарыла і Святлана Чарнова. Павел Кудраўцаў стаў адным з удзельнікаў праекта Разумныя сеткі ўсяго два гады таму. А ўжо сёння на чарговай канферэнцыі прэзентуе ўласны аналітычны дакумент пад назвай Карта выклікаў.


Восем чалавек на месца - такі конкурс вытрымалі каля шасцідзесяці маладых аналітыкаў, каб прапанаваць і даказаць значнасць сваіх ідэй менавіта на гэтай канферэнцыі. Усяго ж сёння ў Разумных сетках іх больш чым сто пяцьдзясят.


Стаць удзельнікам праекта можа практычна кожны. Узрост не важны, а вось адукацыя адыгрывае ролю. Будучы аналітык павінен правесці за студэнцкай партай як мінімум чатыры гады.


А далей свайго роду праверка на крэатыўнасць і кампетэнтнасць. Значнасць тэм, якія прапануюцца, ацэньваюць прафесійныя аналітыкі. Яны ж правяраюць прапановы сваіх, магчыма, будучых калег на плагіят.


Самыя перспектыўныя маладзёжныя ідэі адправяцца адразу ў інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, а ў якасці галоўнага прыза ўдзельнікі атрымаюць запаветную пасаду аналітыка.


Але, бадай, галоўная перамога для кожнага з гэтых маладых людзей - гэта знайсці правільныя шляхі вырашэння праблем і тым самым унесці няхай невялікі, затое свой, маладзёжны, уклад у развіццё краіны.