Праект указа, які матывуе аддаваць прыярытэт электраэнергіі ў жылых дамах, прадставілі Прэзідэнту

10 апреля 2020
Беларусаў  будуць стымуляваць  пераходзіць на электрычнасць. Яна больш  бяспечная і экалагічная  ў параўнанні з газам. Акрамя таго, яе выкарыстанне важнае з пункта погляду эканомікі.

Праект указа, які закліканы матываваць грамадзян, сёння прадставілі Прэзідэнту. Так, у дакуменце падрабязна прапісаны  механізмы падтрымкі для тых, хто вырашыць свой прыватны дом падключыць да электрасетак, каб гэтай энергіяй ацяпляць памяшканне, падаграваць ваду і гатаваць ежу. Гэта датычыцца  жылля, дзе адсутнічае цэнтралізаванае газа- і цеплазабеспячэнне. Ва ўрадзе ўпэўнены:  попыт у насельніцтва будзе. Так, 11 тысяч дазволаў на электрыфікацыю  было выдадзена летась і ўжо 3 тысячы  грамадзян  звярнуліся па тэхнічныя дакументы  сёлета ў першым квартале.


Кампенсуюць 20 % выдаткаў


Зараз у Беларусі дзейнічаюць стымулюючыя тарыфы на электраэнергію для ацяплення і падагравання  вады. Новабудоўлі ўжо на стадыі праекта арыентуюць на падключэнне да электрасеткі. Ад гэтых крокаў ужо відаць вынік. Попыт у насельніцтва значна ўзрос. Што да новых стымулюючых мер,  у праекце дакумента прапанавана кампенсаваць пятую частку выдаткаў на электрыфікацыю прыватных  дамоў. Кампенсацыя  аднаразовая. Каб скарыстацца гэтым правам, неабходна звяртацца ў мясцовую ўладу.

Прапановы ўрада  з прыцэлам на ўсеагульную выгаду. Беларуская АЭС пасля запуску дасць краіне дадатковыя аб'ёмы электраэнергіі. Для нас гэта яшчэ і зніжэнне залежнасці ад расійскага газу (эканомія каля 5 мільярдаў кубаметраў), а  значыць  энергетычная незалежнасць і бяспека. Праект, прапанаваны сёння, Прэзідэнт  адобрыў з папраўкай. Рэалізацыя гэтых нормаў дазволіць павялічыць электраспажыванне ў краіне і палепшыць умовы пражывання беларусаў, у першую чаргу  на сяле.