Праект "Мы зрабілі гэта разам" пра гісторыю адраджэння слуцкага пояса

7 сентября 2015

Адраджэнне нацыянальнага сімвала краіны. Беларускія навукоўцы разгадалі таямніцу старажытных ткачоў, якія працавалі на слуцкай мануфактуры. Дзяржаўная праграма, ініцыянаваная Прэзідэнтам краіны, дазволіла мадэрнізаваць вытворчасць, прыцягнуць лепшыя навукова-даследчыя сілы і ўрэшце даказаць - мы здольныя аднавіць раней страчаныя сакрэты майстэрства слуцкіх ткачоў. Слуцк і сёння асацыюецца выключна як радзіма аднаго з нацыянальных сімвалаў - кунтушовых слуцкіх паясоў. Да таго ж тут ужо ствараюць сучасныя копіі гістарычнага брэнда. Гісторыя адраджэння слуцкага пояса - у рубрыцы "Панарамы" "Мы зрабілі гэта разам".

Сучасныя слуцкія ткачы адразу пацвярджаюць міф, апаэтызаваны Багдановічам, - за станком працуе дзяўчына. Вось так - праз стагоддзі, з укараненнем інавацыйных тэхналогій легенды становяцца рэальнасцю. Адроджаныя слуцкія паясы ткуць выключна дзяўчаты. Працуюць папераменна ў тры змены.

У перыяд росквіту слуцкай персіярні ў 18-м стагоддзі за станкамі працавалі выключна мужчыны. Не таму што, згодна з легендай, залатыя і сярэбраныя ніткі цьмянелі. Гэта была на самай справе вельмі цяжкая праца. Зараз вытворчасць слуцкіх паясоў аўтамытазаваная. Унікальны, адзіны ў свеце станок, распрацаваны адмыслова для слуцкай фабрыкі. Для яго мантажу ў будынку нават правялі перапланіроўку. У адным з памяшканняў узнялі столь. У вышыню станок - 6 метраў. Ён проста не змяшчаўся. Шырыня станка - больш за 8 метраў. Працуе за ім усяго адзін чалавек.

Тэхналогія была страчана, не захаваліся нават выявы старажытных станкоў. Спецыялісты Акадэміі навук, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта зрабілі, здаецца, немагчымае. Убачыць, вывучыць і паўтарыць перапляценне нітак старажытных слуцкіх ткачоў дапамог спектральны аналіз. У сучасным поясе, як і ў яго старажытным папярэдніку, да 30 перапляценняў. Слуцкія паясы 21-га стагоддзя вырабляюць з натуральнага шоўку і металізаванай залатой і сярэбранай ніткі. Тыя самыя матэрыялы, якімі карысталіся ткачы з мануфактуры Радзівілаў. У цэху па вырабе нацыянальнага брэнда пільна сочаць за тэмпературна-вільготным рэжымам. Пры нізкай вільготнасці нітка рвецца. Звычайна на адзін пояс выкарыстоўваюць ніткі шасці-васьмі колераў. Сучасны пояс дакладна паўтарае памеры гістарычных. Шырыня ад 35 да 45 сантыметраў, даўжыня ад 3 да 4 з паловай метраў.

За 100 гадоў існавання слуцкай мануфактуры было выткана 5 тысяч паясоў. Сёння ў розных музейных зборах Беларусі захоўваюцца 12 старажытных тканых рарытэтаў. І толькі палова з іх выраблена на слуцкай персіярні. Падчас старту праграмы было вядома пра 11 тканых помнікаў. Не так даўно адзін са слуцкіх паясоў набыў слуцкі музей. Так, на радзіме нацыянальнага сімвала не было ніводнага экзэмпляра. Разгадаць тэхналогію ткацтва і аднавіць вытворчасць слуцкіх паясоў - задача дзяржаўнай праграмы. Ініцыятарам адраджэння нацыянальнага брэнда і сімвала Беларусі выступіў Прэзідэнт краіны. Навуковыя даследаванні пачаліся ў 2012 годзе. Сёлета праграма завяршаецца.

Зараз ідзе работа над зводным каталогам слуцкіх паясоў. Туды ўвойдуць, апроч экзэмпляраў з беларускіх фондаў, тыя, што захоўваюцца ў Расіі, Польшчы, Літве і Украіне. На тэрыторыі фабрыкі адкрылі і музей гісторыі слуцкіх паясоў. Ён стаў не толькі адным з пунктаў дзяржаўнай праграмы, але і адзіным у свеце музеем, прысвечаным нацыянальным брэндам. Яшчэ тры гады таму мала хто верыў у магчымасць аднаўленне гістарычнага сімвала Беларусі, а сёння рэканструяваны брэнд с сусветнай вядомасцю, які мы аднавілі разам, - лідар сярод сувенірнай прадукцыі.