Праект "Мы зрабілі гэта разам" пра Цэнтр фрыстайла

26 августа 2015

Мы працягваем успамінаць і гаварыць пра самыя знакавыя падзеі ў гісторыі суверэннай Беларусі, пра гучныя перамогі, якімі мы ганарымся. І без перабольшання да такіх адносіцца трыумфальнае выступленне нашых землякоў на апошняй зімовай Алімпіядзе ў Сочы. Размова ідзе пра фрыстайл і лыжных акрабатаў. Два залатыя медалі з двух магчымых у лютым 2014-га былі заваяваныя нашымі спартсменамі. А наогул ні адзін галоўны зімовы старт чатырохгоддзя, з таго моманту як Беларусь стала незалежнай, не абыходзіўся ў гэтым відзе спорту без беларускага прадстаўніцтва на п'едэстале. Айчынная школа - адна з наймацнейшых у свеце. І з адкрыццём у сталіцы Цэнтра фрыстайла гэтае рэнамэ пацвярджаць стала прасцей. Ва ўнікальным на планеце спарткомплексе можна трэніравацца круглы год, а значыць межы ўдасканалення майстэрства лыжных акрабатаў сцёртыя.

Расказвае Дзмітрый Бачкоў.

17 лютага 2014 года Антон Кушнір у суперфінале Алімпіяды ў Сочы ў турніры лыжных акрабатаў пайшоў па-банку: заявіў найскладанейшы скачок - трайное сальта з пяццю вінтамі, выканаў яго ідэальна і заваяваў алімпійскае золата. Гэтая ўзнагарода для фрыстайлістаў стала шостай на зімовых Гульнях за ўсю суверэнную гісторыю нашай краіны. Від спорту заслужыў будаўніцтва свайго новага дома.

Бо без адпаведнай спартыўнай базы выйсці на залаты ўзровень немагчыма. У перыяд адсутнасці снегу трэніроўкі праходзяць у спецыяльных цэнтрах, дзе пасля скачку фрыстайлісты прызямляюцца ў ваду на спецыяльную паветраную падушку.

Раней беларускім атлетам даводзілася выязджаць за мяжу, каб там адточваць сваё майстэрства. З красавіка-2015 ужо Мінск прымае замежных гасцей - у сталіцы адкрыўся Цэнтр фрыстайла. Лыжныя акрабаты Швейцарыі, ЗША, Германіі, Казахстана, Расіі ўжо выпрабавалі штучныя схілы Беларусі.

Унікальнасць будынка заключаецца ў тым, што спарткомплекс крыты - г. зн. тут фрыстайлісты могуць трэніравацца круглы год. Комплекс складаецца з трох трамплінаў, максімальная даўжыня разгону - 46 метраў. Спецыяльнае палімернае пакрыццё падчас трэніровак паліваецца вадой, такім чынам ствараецца эфект слізгацення па снезе.

Паветраная падушка - гэта маментальны выкід паветра, яна змякчае прызямленне, яе параметры вызначаюцца на спецыяльным пульце кіравання, ціск, што ствараецца кампрэсарамі, павінен быць не ніжэй за 6 атмасферных.

Для фрыстайлістаў тут створаныя ўсе ўмовы. Акрамя трамплінаў, пабудаваныя зала харэаграфіі, трэнажорная і батутная зала, рэабілітацыйны цэнтр і аднаўленчы комплекс.

Сталічны Цэнтр фрыстайла ўнікальны і тым, што кожны, хто захоча ўбачыць зорак гэтага віду спорту, можа бесперашкодна прыйсці ў спарткомплекс і паназіраць за трэніроўкамі атлетаў, праўда, у якасці наведвальніка аквапарка.

І ўсё гэта абсалютна бяспечна: камфорт наведвальнікаў забяспечваюць ратавальнікі, яны дзяжураць як у вадзе, так і на сушы. Усе прафесійныя спартсмены. Страхуе чалавечы фактар тут і тэхніка - у спецыяльныя бранзалеты ўманціраваны датчык руху.

Ігар Шапчыц, галоўны інжынер спарткомплексу "Фрыстайл": "Праграмы, закладзеныя ў чыпах, дазваляюць зрэагаваць, калі наведвальнік доўга не рухаецца, або наадварот, калі чалавек вельмі актыўна рухаецца. Плюс да ўсяго для дзяцей дадаткова ўнесеныя функцыі: калі дзіця не ўмее плаваць, то яно не зможа трапіць у зону, дзе дастатковая глыбіня - імгненна ідзе спрацоўванне бранзалета".

Ультрасучасны комплекс "Цэнтр фрыстайла" не толькі месца адпачынку беларусаў, сучасная трэніровачная база лыжных акрабатаў, а таксама месца збору замежных фрыстайлістаў, але і чарговая візітная картка нашай краіны ў каталогу сусветных спартыўных дзяржаў, якую мы зрабілі разам.