Праект "Мы зрабілі гэта разам" пра "Славянскі базар у Віцебску"

28 сентября 2015

Мы працягваем распавядаць пра даты, падзеі і поспехі суверэннай Беларусі, якімі мы па праве ганарымся. Сапраўдным дасягненнем і адной з самых яркіх падзей культурнага жыцця Беларусі з'яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У будучым годзе яму споўніцца 25 гадоў. Уявіць лета без гэтага культурнага форуму ўжо немагчыма. Папулярная музыка, джаз, мастацкія выставы, тэатральныя сустрэчы. Фестываль, які задумваўся як алімпіяда мастацтваў, аб'яднаў мноства жанраў. Сюды прыязджаюць і сусветныя знакамітасці, і маладыя артысты, якія толькі мараць заваяваць віцебскую сцэну. За гісторыю "Славянскага базару" тут пабывалі прадстаўнікі 70 краін. І ў кожнага з соцень тысяч гасцей наш фестываль пакінуў незабыўныя ўражанні. Гэта свята, якое мы робім разам.

1992-і год. У Віцебск прыйшоў новы творчы праект. Менавіта яму за чвэрць стагоддзя наканавана было стаць з'явай у культурным жыцці не толькі Беларусі, усёй Усходняй Еўропы - "Славянскі базар у Віцебску". Свята мастацтваў, таленту і сяброўства. Ён даўно перасягнуў межы славянскага свету - у розныя гады на фестывальных пляцоўках выступалі артысты з 70 краін свету. А знакамітая віцебская сцэна для многіх маладых вакалістаў стала лёсавызначальнай.

Гэта сёння. А ў сярэдзіне 90-х лёс фестывалю быў няясны. Прапаноўвалі зрабіць свята песні вандроўным. Віцебскую прапіску "Славянскі базар" атрымаў дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Беларусі. У 1995-м Аляксандр Лукашэнка ўзяў фестываль пад асабісты патранаж. З тых часоў ён называецца Міжнародным фестывалем мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", а Прэзідэнт асабіста штогод аб'яўляе аб урачыстым адкрыцці форуму.

"Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення". Гэту спецыяльную прэмію з рук Прэзідэнта можна атрымаць толькі на "Славянскім базары". Яе лаўрэаты - артысты, кампазітары і творчыя калектывы - ансамбль "Песняры", Аляксандра Пахмутава, Ала Пугачова, Валерый Лявонцьеў, Ігар Лучанок, Эдзіта П'еха, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Уладзімір Мулявін і іншыя. У 2015 на віцебскай Алеі зорак запалілася яшчэ адна - зорка народнага артыста Азербайджана Палада Бюльбюль-аглы.

Галоўная сцэна форуму - Летні амфітэатр - размешчаны ў самым цэнтры Віцебска. Гэта сапраўдны архітэктурны сімвал Беларусі. Па амфітэатры Віцебск пазнаюць нават тыя, хто ніколі не быў у горадзе на Дзвіне. Першы канцэрт у амфітэатры прайшоў летам 1988 года. Ён быў дадзены для будаўнікоў. Бо эстраду пад адкрытым небам стварылі ў вельмі кароткія тэрміны - ад зараджэння ідэі да яе ўвасаблення прайшло крыху больш за год.

Сцэна, арка і драўляныя лавы пад адкрытым небам. Артысты часта ўспамінаюць мора парасонаў у глядзельнай зале. Сёння дождж віцебскаму фестывалю не страшны. Над амфітэатрам вялізны парус. Ажурны дах з'явіўся ў 2006 годзе падчас маштабнай рэканструкцыі фестывальнай пляцоўкі. Будынак пакрыты трывалымі празрыстымі панэлямі, якія падчас выпрабаванняў вытрымалі нагрузку ў 700 тон. Такія ж перакрыцці ўсталяваны на стадыёне ў Пекіне і ў выставачнай зале ў Мюнхене.

Наталля Касабука, дырэктар УП "Інстытут "Віцебскграмадзянпраект": "Тэхнічна гэта трэба было зрабіць, каб гэта было ўстойліва, надзейна, каб гледачы адчувалі толькі камфортныя ўмовы. Інжынернае забеспячэнне - па апошнім слове дасягненняў. Сувязі найскладанейшыя для магчымасці трансляцыі тэлебачання. Пажарнае забеспячэнне. Але самае галоўнае - гэта ўстойлівасць і надзейнасць".

А яшчэ самае сучаснае гукавое і светлавое абсталяванне, якое дазваляе запрашаць знакамітых гасцей з усяго свету. У Летнім амфітэатры выступалі Патрысія Каас, Мішэль Легран, Дзмітрый Хварастоўскі, групы Blue і "Арабескі", Сара Конар, Софі Эліс Бекстар.

Анатоль Васенда, дырэктар Летняга амфітэатра: "Усё тэхнічнае начынне дазваляе задаволіць самых капрызных рэжысёраў. Бываюць розныя райдары, але мы імкнёмся дагадзіць усім, каб канцэртныя праграмы прайшлі на добрым узроўні".

Але інтрыга "Славянскага базару" - гэта вакальныя конкурсы: дарослы і дзіцячы. Кожны год у адрас дырэкцыі прыходзяць сотні заявак ад патэнцыяльных канкурсантаў. Заваяваць сцэну "Славянскага базару" мараць нават артысты з-за акіяна. Дзеля Гран-пры фестывалю пераадолець паўсвету гатовы былі выканаўцы з Кубы, Злучаных Штатаў Амерыкі, Мексікі, Ізраіля, Македоніі, Італіі.

Фестывальны тыдзень - гэта сотні падзей у святле рампы, сафітаў і вулічных ліхтароў. "Тэатральныя сустрэчы", "Лялечны фармат", "Горад майстроў", фэст вулічных артыстаў "На сямі вятрах". Праходзіць Дзень Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і Дзень моладзі. Фестываль настолькі маштабны, што яго праграмы ў рэжыме нон-стоп ідуць на 10 пляцоўках. Горад заціхае толькі на досвітку.

У "Славянскага базару" цёплае сяброўства з фестывалямі розных краін Еўропы і Азіі. Па рашэнні Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў, беларускі форум мастацтваў двойчы - у 2000 і ў 2004 гадах - прызнаны "Фестывалем года". У 2015 у Віцебску прайшла сесія дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў. "Славянскі базар", які валодае вялікай сілай яднання, узначаліў яе.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Музычныя форумы, выставы, калі выдаюцца па іх выніках каляндарныя планы, заўсёды заўважаеш у іх фестываль "Славянскі базар". У тым жа расійскім шоу-бізнесе "Славянскі базар" - гэта адно з асноўных мерапрыемстваў, куды імкнуцца трапіць не толькі пачынаючыя, але і вядомыя артысты".

У наступным годзе, як заўсёды ў ліпені, Віцебск зноў збярэ тысячы сяброў. Гэта будзе юбілейны, 25-ы, Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Зноў незабыўна яркі і зорны.