Праект "Мы зрабілі гэта разам" пра мемарыяльны комплекс "Трасцянец"

15 сентября 2015

Агенцтва тэленавін працягвае  распавядаць пра самыя маштабныя праекты суверэннай Беларусі. І сёння гэта праект-памяць. Мы зрабілі гэта разам. Мемарыяльны комплекс "Трасцянец", які  быў адкрыты ўсяго некалькі месяцаў таму, стаў сімвалам трагедыі Вялікай Айчыннай вайны і адначасова сімвалам захавання гэтай гісторыі ў XXI стагоддзі. У гады Другой сусветнай на ўскраіне беларускай сталіцы назаўжды засталіся каля двухсот тысяч чалавек. І беларусы пра гэта ніколі не забудуць. 

Нацысты адкрылі лагер увосень 1941. І ўсяго за тры гады ён стаў адным з найбуйнейшых у Еўропе лагераў смерці Другой сусветнай. У сярэдзіне 44-га года фашысты, разумеючы, што Чырвоная армія хутка вызваліць Мінск, сталі пазбаўляцца ад доказаў: палілі дакументы і галоўных сведак - вязняў.

У 2007 годзе былую фабрыку смерці "Трасцянец" уносяць у афіцыйны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Тэрыторыя на 124 гектары складаецца з чатырох асобных участкаў. Зараз усе назвы са словам "былы": пункт прыёму вязняў, дарогі смерці, тэрыторыі, дзе размяшчаліся аб'екты інфраструктуры лагера і месцы кары.

Ганна Аксёнава, галоўны архітэктар праекта "Мемарыяльны комплекс "Трасцянец": "Заказ у Мінскпраект на распрацоўку гэтай тэрыторыі прыйшоў у 2010 годзе. Паводле рашэння выканкама і даручэння Кіраўніка дзяржавы. Асноўная мэта праекта - неабходна зрабіць так, каб да нашых нашчадкаў дайшла гістарычная дакладнасць гэтых жорсткіх дзеянняў, якія адбываліся падчас вайны на нашай зямлі".

Пункт адліку мемарыяльнага комплексу - 2014. Першыя памятныя мерапрыемствы праходзяць фактычна  на будпляцоўцы.

Адной з галоўных кампазіцый становіцца дарога  памяці  і алея, па якой зняволеныя прыбывалі ў лагер. Гэтыя таполі былі пасаджаныя іх жа рукамі і захаваліся да нашага часу. Сёння дарога вымашчаная шэрай пліткай з даданнем чорнай. Яны нагадваюць сляды вязняў, якія вядуць да цэнтральнай часткі мемарыяла - самай высокай бронзавай скульптуры ў краіне "Брама памяці".

Канстанцін Касцючэнка, аўтар скульптурнай кампазіцыі "Брама памяці": "Структурная кампазіцыя "Брама памяці" ўяўляе сабою дзве паўрасчыненыя створкі брамы з выявай цел змардаваных вязняў, якія пераплятаюцца з самой структурай брамы. Якія ад безвыходнасці глядзяць на нас і не могуць вырвацца".  

Будаўніцтва комплексу разлічана на тры этапы. Першы скончылі ўжо сёлета. 22 чэрвеня беларусы ўбачылі мемарыял, які сваімі памерамі не саступае Хатыні.

На кожным будынку былога канцлагера - мемарыяльныя пліты з  надпісамі на трох мовах. 

З гэтага часу мемарыяльны комплекс "Трасцянец" амаль ва ўсіх турыстычных маршрутах Беларусі. Найбуйнейшы лагер смерці сёння стаў месцам памяці пра тых, хто калісьці апошні раз прайшоў праз браму гэтай фабрыкі пад назвай "Трасцянец". І месцам, у якім, мабыць, як нідзе разумееш, наколькі страшная была вайна. І якія могуць быць наступствы, калі пра гэта забыць. Або перапісаць. Або прамаўчаць. Але Беларусь памятае. І ніколі не забудзе.