"Справа маладых". Урач Дзмітрый Халявінскі ратуе жыцці юных пацыентаў

19 февраля 2019

Самым цесным чынам пытанні дэмаграфіі звязаныя з узроўнем развіцця медыцыны ў краіне. Па паказчыках матчынай і дзіцячай смяротнасці Беларусь займае адну з лепшых пазіцый не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Не менш важная роля адводзіцца падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, калі самая высакародная ў свеце прафесія - ратаваць жыцці юных пацыентаў - становіцца сэнсам жыцця. У свае 34 гады, прайшоўшы шлях ад інтэрна да кіраўніка аддзялення аднаго з найбуйнейшых медыцынскіх цэнтраў краіны, урач Дзмітрый Халявінскі зразумеў галоўнае - няма нічога больш каштоўнага на свеце, чым дзіцячая ўсмешка. Яшчэ адна гісторыя пра высокі прафесіяналізм - у рубрыцы "Справа маладых". 

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Дзмітрый Халявінскі без перабольшання лічыць сябе першапраходцам у сямейнай дынастыі. Сам з Ліды. Вызначыўся з прафесіяй урача яшчэ ў старэйшых класах школы. Потым быў Віцебскі медыцынскі, размеркаванне ў глыбінку. 

Атрыманы вопыт дапамог кар'еры маладога ўрача. Вось ужо 4 гады ён узначальвае лораддзяленне абласной дзіцячай бальніцы. У падначаленні з паўсотні спецыялістаў. Праўда, працы ад гэтага менш не стала. Бо, як і ўсе, Дзмітрый Халявінскі ўрач-практык, на рахунку якога яшчэ і не адна паспяхова асвоеная аперацыя.

Дзмітрый Халявінскі, загадчык отарыналарынгалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы: "Неабходна пастаянна развівацца і ўдасканальвацца. Таму мы ў аддзяленні асвоілі эндаскапічныя ўмяшанні, мікрахірургічныя аперацыі на сярэднім вуху. Укаранёныя былі сківічна-тварныя аперацыі. Гэта дазваляе пацыентам атрымліваць спецыялізаваную дапамогу на месцы".

Нядзіўна, што за 5 гадоў працы абласная дзіцячая бальніца стала сапраўдным медыцынскім цэнтрам, дзе ўкаранёна звыш 50 методык - ад лячэння простых пераломаў да самай тонкай мікрахірургіі вока пад пільным кантролем высокатэхналагічнага абсталявання. Адначасова ў працы 5 аперацыйных. 

Рэдкі выпадак, калі такая аперацыйная не занятая. Звычайна з раніцы і да вечара працуюць хірургі. У дзень да 30 аперацый. Вось і зараз 30 хвілін перапынку і наступная.

Дасягненнем цэнтра сталі і высакакласныя аперацыі пацыентам з дыягназам ДЦП, якія дазваляюць літаральна ставіць на ногі тых, хто яшчэ нядаўна і зусім быў пазбаўлены магчымасці хадзіць. Дзве брыгады могуць выконваць адначасова да 16 умяшанняў. Дзеці больш не ляжаць гадамі ў бальніцы.

Лапараскапія, лазернае абсталяванне, якое дазваляе лячыць нават нованароджаных. У дапамогу спецыялістам і сучасны шматзрэзавы мультыспіральны тамограф. Ён дазваляе не толькі скараціць час абследавання маленькіх пацыентаў, але і зрабіць поўны аналіз іх стану. Такая канцэнтрацыя сучаснага абсталявання, вопыту дазволілі цэнтру стаць яшчэ базай па падрыхтоўцы спецыялістаў.
 

Ігар Каско, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы: "Штогод Магілёўская дзіцячая абласная бальніца прымае ў свае рады каля 30 маладых спецыялістаў. Каля 5 чалавек рыхтуем у клінічных ардынатурах. Летась 3 чалавекі ў нас паступілі ў аспірантуры. Мы даволі шмат надаем увагі маладым спецыялістам, тым больш калі гэта звязана са здароўем дзяцей".

Маладых спецыялістаў абласной дзіцячай бальніцы сустракаюць апладысментамі на медыцынскіх сімпозіумах па ўсім свеце - у Ізраілі, Польшчы, Іспаніі і Германіі. Але няма нічога больш важнага, чым выратаванае жыццё дзіцяці.