Праект "Справа маладых". Маладыя педагогі ў вёсцы Юрцава

19 октября 2019
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ па стымуляванні навуковай дзейнасці і ўдасканаленні аплаты працы. І тут самае важнае - ёсць каго заахвочваць. Як, напрыклад, маладыя педагогі ў вёсцы Юрцава. Яны прыносяць новыя крэатыўныя ідэі ў школу. Замест званка на ўрок  танец. Англійская мова на вуліцы. І салата з "цёплай" градкі на перакус. Педагогіка з выдумкай у рубрыцы "Справа маладых". 

Паціснуць настаўніку руку, даць "пяць" або станцаваць разам з ім. Кожная добрая раніца павінна пачынацца з жарту, перакананы Уладзімір Яскевіч. Таму і прыдумаў гэту  вясёлую традыцыю. Так і сон праходзіць, і настрой узнімаецца. На ўроку таксама ёсць месца гульні, але ў ёй вялікая карысць: напрыклад, калі зарадка, то на англійскай. 

У сельскай школе Уладзімір Яскевіч пяць гадоў. У Аршанскім раёне ён адзін з двух мужчын-выкладчыкаў, якія працуюць у пачатковых класах. У прафесію прыйшоў невыпадкова, таму кожны рабочы дзень як свята і для яго, і для вучняў. 

Тонус нясумнага школьнага жыцця падтрымліваюць і калегі. Настаўнік фізкультуры Андрэй Самуйла здолеў не толькі школьнікам прывіць любоў да спорту, але і настаўнікаў паставіў на лыжы. Разам з вучнямі глядзяць трансляцыі вялікіх спаборніцтваў, а вынікі матчаў аператыўна з'яўляюцца на інфармацыйнай дошцы. 

Сярэдні ўзрост педагагічнага калектыву Юрцаўскай школы - крыху больш за 30. Разам з дзецьмі выйграюць раённыя спартакіяды і конкурсы, на двух гектарах прысядзібнага ўчастку займаюцца арганічным земляробствам, а ў школьным садзе праводзяць тэматычныя ўрокі. 

У школе працуюць 22 настаўнікі. Толькі сёлета на першае месца працы прыйшлі 3 выпускнікі педуніверсітэтаў. Вельмі чакаюць вяртання з арміі настаўніка інфарматыкі, а выкладчыка англійскай мовы - з дэкрэтнага водпуску. 

Педагогамі школа ганарыцца. Хоць тут і не ўтойваюць, што застаюцца не ўсе. Затое лепшыя.