Праект Белтэлерадыёкампаніі "Я ведаю!" вяртаецца на экраны пасля тэлеканікул

12 января 2019

Некалькі гадзін застаецца да першага званка другога сезона эрудыт-шоу "Я ведаю!". Адзін з самых рэйтынгавых праектаў Белтэлерадыёкампаніі вяртаецца на экраны пасля тэлеканікул. У першым выпуску за месца ў суперфінале пазмагаюцца вучні 5 класаў. Усяго на дадзены момант зняты першы пакет серый, а гэта 14 праграм, у якіх спаборнічаюць вучні з 5 па 8 клас. Прадзюсарскі цэнтр нашага медыяхолдынга не толькі падрыхтаваў новыя пытанні, выбраў лепшыя юныя розумы з усёй Беларусі, але і аб'яднаў творчых віртуозаў. У якасці музычных нумароў у гэтым сезоне будуць выступленні ад выхаванцаў школ мастацтваў вялікіх і малых гарадоў.

Глеб Шульман, генеральны прадзюсар генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі:

"Ахвотнікаў шмат, нам тэлефануюць, жадаюць паўдзельнічаць. Як у мінулым сезоне, так і ў гэтым нам вялізную дапамогу ў адборы ўдзельнікаў аказвае Міністэрства адукацыі. Спадзяюся, што ў наступных сезонах мы зможам зрабіць нейкі мабільны дадатак, з дапамогай якога паспрабуем адбіраць таксама ўдзельнікаў на наша шоу".

Праект стаў крыху больш аб'ёмным. Хронаметраж аднаго выпуску павялічаны да звыш гадзіны, каб змясціць усе эмоцыі. У другім сезоне "Я ведаю!" выпускі памножылі на два. Зараз адказваць на пытанні з вундэркіндам можна не толькі ў суботу, але і ў нядзелю ў 13:30.