Праект Беларускага саюза моладзі атрымаў статус міжнароднага

14 апреля 2016

Сёння ў Мінску ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася выстава-конкурс "100 ідэй для СНД". Аўтары праектаў - маладыя інаватары з краін Садружнасці. Журы трэба будзе выбраць лепшыя распрацоўкі ў васьмі намінацыях, сярод іх "Медыцына", IT, "Культура", "Адукацыя".

Крэатыўныя ініцыятывы вывучыла Наталля Тарасюк.

Практычна ўсе распрацоўкі маладых інаватараў на гэтай выставе ўжо пераможцы ўсерасійскага конкурсу "Мая краіна - Мая Расія" або фіналісты праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі". Менавіта самае масавае моладзевае аб'яднанне нашай краіны тры гады таму і прапанавала аб'яднаць лепшыя розумы маладога пакалення краін СНД.

Акрамя самой ідэі большасць удзельнікаў конкурсу прывезлі і яе практычнае ўвасабленне: прататыпы і нават дзеючыя мадэлі. Больш за тое, сур'ёзна падышлі і да дэталяў: падрыхтавалі інструкцыі па прымяненні і разлікі сабекошту.

Эканамічны эфект ужо падлічылі і ўдзельніцы конкурсу з Азербайджана. Дзяўчаты прапануюць выкарыстоўваць марскія ракавінкі для вырабу арганічных зубных паст. А вось удзельнік з Расіі Аляксандр Петрусёў сваю вынаходку ўжо запатэнтаваў. Яго сонечная ўстаноўка не паламаецца і падчас 35-градуснага марозу.

Выратаванне тапельцаў - справа рук студэнта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Антон прапануе спецыяльны сігнал SОS: бранзалет з gps-трэкерам і гексакоптар.

11-гадовы Ілья Малышка мог бы стаць самым юным удзельнікам конкурсу. Гэта яшчэ наперадзе. А пакуль Ілья збірае кіруемыя машыны і прадстаўляе на выставе стэнд Цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Кожны ўдзельнік конкурсу сёння яшчэ і абараніў сваю ідэю. Праекты падзялілі на некалькі катэгорый. На прэзентацыю праекта ў інаватара пяць хвілін, яшчэ дзве - адказы на пытанні.

Аб асаблівай стаўцы на таленавітых дзяцей гаварылі сёння і падчас пасяджэння савета па справах моладзі СНД. Абмеркавалі перспектывы прадпрымальніцтва, а таксама падрыхтоўку да Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у наступным годзе.

Таццяна Кавалёва, начальнік аддзела па супрацоўніцтве ў галіне культуры, спорту, турызму і моладзі Выканаўчага камітэта СНД: "Адной з галоўных тэмаў стане развіццё студатрадаўскага руху. Беларусь славіцца гэтым у СНД. А таксама валанцёрскага руху. Увага да тэмы валанцёрства зараз у многіх краінах СНД. Партал СНД адлюстроўвае гэты вопыт. У нас зараз ёсць магчымасць пачаць работу, стварыць канцэпцыю супрацоўніцтва дзяржаў па падтрымцы моладзевага валанцёрскага руху".

Вынікі конкурсу падвядуць ужо заўтра. Прычым арганізатары не выключаюць, што збіраць на адной пляцоўцы ідэі моладзі СНД будуць штогод.