Працягваецца нарыхтоўка бярозавіку

16 марта 2020
Начныя замаразкі крыху карэкціруюць збор бярозавіку ў Мінскай вобласці. Сёлета час, калі прырода дзеліцца самым каштоўным, надышоў раней, чым звычайна. Лясгасы ўжо нарыхтавалі амаль 300 тон напою. Большая частка  прададзена. 

Сёння здабычай натурпрадукту займаюцца ва ўсіх раёнах. Нямала месцаў, дзе можна набыць сок і вакол сталіцы

Аляксей Кандраценка параўнаў цэны, а заадно знайшоў лес, дзе ў бяроз асаблівая пазітыўная энергетыка. Роўны надрэз пілой і некалькі ўдараў абухом сякеры для таго, каб металічны латок увайшоў у ствол дрэва. У працэсе нарыхтоўкі бярозавага соку ўсё адбываецца строга па тэхналогіі. Дрэвы пэўнага ўзросту з дыяметрам ствала не менш за 20 сантыметраў. А галоўнае - бяроза павінна быць здаровая. Сёлета ўсе 11 лясніцтваў Пухавіцкага раёна пачалі збіраць прыродны напой амаль на тры тыдні раней, чым звычайна. 
На адным такім участку адначасова даюць сок паўтысячы бяроз. Пры сонечным надвор'і адзін пакет  (а гэта прыкладна 40 літраў)  можа напоўніцца за суткі. Праўда, начныя замаразкі гэтыя працэсы крыху стрымліваюць. 

Самы просты спосаб набыць сок - звярнуцца ў лясніцтва

Жыхарка вёскі Светлы Бор Аляксандра Чахоўская не прапускае ніводнага сезона. Бярозавік з Пухавіцкага края лічыць самым гаючым. 
Атрымаць асалоду ад свежага смаку вясны можна будзе  да таго часу, пакуль дрэвы не пачнуць пускаць пупышкі. Гэта адбудзецца, калі тэмпература некалькі дзён перавысіць плюс 12. Набыць жа сёлетні бярозавік можна і недалёка ад сталіцы. Сярод самых папулярных пунктаў продажу лясніцтвы ў Калодзішчах і Бараўлянах.