Працягваецца навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці"

5 января 2018

Сёння падарункі - развівальныя гульні, прысмакі – дзецям, якія зараз знаходзяцца на лячэнні ў розных медыцынскіх установах, уручылі ад імя Прэзідэнта міністр адукацыі і дэпутаты Нацыянальнага сходу. Галоўная задача дабрачыннага марафона - даць адчуць усім дзецям радасць навагодніх і калядных свят. Надзея Сербіненка – з падрабязнасцямі.

Сёння, у час калядных свят, падарункі ўручаюць дзецям па ўсёй краіне. Асаблівая ўвага хлопчыкам і дзяўчынкам, якія зараз не могуць быць са сваімі сем'ямі па прычыне хваробы.

Новы, 2018 год гэтым тром дзяўчынкам прыйшлося сустрэць у бальнічнай палаце. Вострая пнеўманія парушыла планы на навагоднія святы, але не змагла падарваць бадзёры дух маленькіх пацыентак. Зараз Маша, Даша і Юля пачуваюцца значна лепш і ўжо рыхтуюцца да выпіскі.

З падарункамі ад Прэзідэнта для маленькіх пацыентаў у педыятрычнае аддзяленне завітаў намеснік міністра аховы здароўя.

А гэтыя дзеці, на жаль, не могуць пачуць бой курантаў, затое выдатна ведаюць колеры і пахі зімовых свят. Сёння шчодры перадкалядны дзень і ў школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. 112 школьнікаў атрымалі ад Прэзідэнта гульні, якія развіваюць логіку, камп'ютар і, вядома, салодкія падарункі. Прывёз іх дзецям міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Па добрай традыцыі ў якасці падзякі за падарункі і ўвагу дзеці падрыхтавалі творчыя нумары. Рухацца сінхронна пад музыку змаглі і дзеці з парушэннем слыху.

Акцыя “Нашы дзеці” на гэтым не заканчваецца. Шчодры святочны марафон падоўжыцца да 10 студзеня.