Працягваецца ліквідацыя наступстваў учарашняга ўрагану

14 июля 2016

Бура прынесла разбурэнні ў 510 населеных пунктаў. Жыхары пасёлкаў засталіся літаральна без даху над галавой. Парывы ветру дасягалі 21 метра за секунду. З-за непагадзі ў Чэрвенскім і Смалявіцкім раёнах абваліліся воданапорныя вежы. Асноўны ўдар урагану прынялі на сябе сталіца і Мінская вобласць. Тут былі падтопленыя 45 участкаў дарог. Прыпыняўся і рух грамадскага транспарту. Паводле апошніх звестак Белэнерга, 172 населеныя пункты ўсё яшчэ застаюцца без электрычнасці. На месцах працуюць аварыйныя брыгады.

На сёння таксама аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Зыходзячы з анлайн-звестак метэакарты, актыўны навальнічны фронт зараз над Брэсцкім рэгіёнам і плаўна пераходзіць у бок Мінска. Сіноптыкі, вядома, не прагназуюць таго, што было напярэдадні, але не выключаюць паўтарэння стыхіі.