Праблемы, з якімі людзі звяртаюцца на прамыя лініі ці агучваюць падчас асабістых прыёмаў з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, не застаюцца без увагі. Кожнае пытанне вывучаецца, разглядаюцца розныя варыянты яго вырашэння. І вельмі часта такія звароты не патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў, пры гэтым для людзей яны маюць важнае значэнне. Дзесьці добраўпарадкаваць тэрыторыю, заасфальтаваць дарогу ці прывесці ў належны стан школьныя стадыёны. Пра тое, як важна не пакінуць без увагі праблему канкрэтнага чалавека, рэпартаж з Гродзенскай вобласці.
Расказвае Юрый Карняловіч.
Жыхары завулка Дружбы ў самым цэнтры Слоніма яшчэ некалькі месяцаў таму нават і ўявіць сабе не маглі, што выйсці на вуліцу можна будзе без гумовых ботаў. А дарога да найбліжэйшага магазіна ці аўтобуснага прыпынку больш не будзе нагадваць паласу перашкод. Праўда, каб прывесці вуліцу ў належны стан, спатрэбіліся гады і шматлікія звароты ў розныя інстанцыі.
Пасля чарговага прыёму ў кіраўніка раёна на завулку Дружбы з’явілася будаўнічая тэхніка. Адрамантавалі не толькі праезную частку, былі поўнасцю заменены інжынерныя камунікацыі, вырашылі праблему і з адвядзеннем дажджавой вады.
А вось настаўнік фізкультуры Аляксандр Нічыпар звярнуўся ў выканкам не дзеля вырашэння асабістых праблем. Мясцовы стадыён уяўляў небяспеку для вучняў. Бегавыя дарожкі даўно прыйшлі ў заняпад, і дзеці падчас заняткаў маглі атрымаць траўмы. У выніку да новага навучальнага года школа атрымала сучасную спартыўную пляцоўку.
Па дапамогу звярнуліся і настаўнікі іншай школы Слоніма. Знаходзіцца яна ў аддаленым мікрараёне, і капітальнага рамонту тут не было больш за 30 гадоў. Дзякуючы прамой лініі з прадстаўнікамі мясцовых уладаў было прынята рашэнне аднавіць навучальную ўстанову. І пачалі менавіта са стадыёна. Зараз гэта месца прыцягнення не толькі школьнікаў, але і жыхароў навакольных вуліц.
Вырашэнне праблем як канкрэтных людзей, так і цэлых калектываў – прыярытэтны кірунак дзейнасці мясцовых уладаў. Прамыя лініі і асабістыя прыёмы грамадзян кіраўніцтва райвыканкама праводзіць кожны тыдзень. І не важна: гэта жыхар раённага цэнтра ці аддаленага населенага пункта.
Яшчэ некалькі месяцаў таму асфальтаваная дарога заканчвалася вось тут, у вёсцы Азгінавічы. Далей больш за два кіламетры да аграгарадка была гравійка. Пасля шматлікіх зваротаў грамадзян сродкі на капітальны рамонт трасы былі знойдзены.
У найбліжэйшых планах адпаведных службаў поўнасцю вырашыць пытанне добраўпарадкавання ўсіх дарог раённага значэння.
Праблемы, з якімі людзі звяртаюцца на прамыя лініі
19 сентября 2020













