Праблему дэбіторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў абмяркуюць заўтра ў Маскве

31 марта 2015

Праблему дэбіторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў абмяркуюць заўтра ў Маскве на сустрэчы генеральных пракурораў Беларусі і Расіі. Аб гэтым сёння паведаміў Генпракурор Аляксандр Канюк. Паводле яго слоў, праблема патрабуе аб'ектыўнага і аператыўнага падыходу. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб вяртанні грошай з дзеючых у Расіі гандлёвых дамоў. Паводле дадзеных Белстата, на люты дэбіторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў склала амаль 230 трыльёнаў рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная - больш як 45 трыльёнаў.

Аляксандр Канюк, Генеральны пракурор Беларусі: "У нас больш сумленны бізнес. Трошкі па-іншаму ўсё гэта вядзецца. Але, на жаль, такая сітуацыя на сёння ёсць. Ідзе прадукцыя, ідзе тэхніка - не вяртаюцца грошы. Па розных прычынах. Наша праблема - разабрацца ў гэтых пытаннях".

Падчас калегіі па пытаннях рэалізацыі інвестпраектаў кіраўнікі профільных ведамстваў і прадстаўнікі ўлады абмеркавалі прыярытэтныя кірункі інвеставання ў эканоміку. На думку экспертаў, імі могуць стаць фінансаванне ў новыя прадпрыемствы, а таксама мадэрнізацыя эфектыўна дзеючых вытворчасцяў. Як адзначыў Генеральны пракурор Беларусі, праблемы ў рэалізацыі інвестпраектаў не носяць сістэматычны характар.