Да 1 ліпеня тут не павінна застацца даўгабудаў. Аб гэтым заявіў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон падчас правядзення навучальнага семінара па пытаннях работы будаўнічага комплексу. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, семінары з працаўнікамі галіны пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Віцебская вобласць не можа пахваліцца вялікімі дасягненнямі ў будаўнічай сферы. Так, аб'ём выкананых работ за мінулы год тут самы нізкі ў рэспубліцы. У рэгіёне не хапае рабочай сілы - за апошнія тры гады колькасць занятых у будаўніцтве скарацілася ўдвая. Адзначым, летась у краіне праваахоўнікі выявілі больш як 450 злачынстваў у сферы будаўніцтва. У прыбытак дзяржавы звернута больш за сто мільярдаў рублёў. Навесці парадак у рабоце будаўнічай галіны павінен дапамагчы ўказ Прэзідэнта Беларусі.
Таксама для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у краіне будзе актыўна весціся будаўніцтва кватэр па дзяржзаказе. Сёлета ў Беларусі будзе пабудавана 6,5 мільёна квадратных метраў жылля. З іх 2,5 - з дзяржаўнай падтрымкай.














