Праблемны 18-павярховы дом у Бабруйску

22 октября 2014

У Бабруйску пабудавалі першы і пакуль адзіны 18-павярховы дом. Вось толькі засяліцца ў яго ў патэнцыяльных жыхароў не атрымліваецца. Сітуацыя парадаксальная: акт аб здачы шматпавярхоўкі падпісаны некалькі месяцаў таму, а вось кошт квадратнага метра дагэтуль невядомы.


Расказвае Уладзімір Сёмкін.


Гэта першы і пакуль адзіны 18-павярховы дом у Бабруйску. Будавалі яго некалькі гадоў. За гэты час многія маладыя сем'і, якія ўступілі ў кааператыў, сталі шматдзетнымі.


За час будаўніцтва праблемнага дома павялічыўся і кошт квадратнага метра. Ён вырас амаль у 5 разоў. Чарговае дадатковае пагадненне на павелічэнне кошту кватэры дольшчыкі расцанілі як шантаж. Па словах патэнцыяльных навасёлаў, ключы ім паабяцалі даць толькі пасля пагашэння гэтага ўзносу.


Намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама па будаўніцтве ў тэлефоннай размове з намі запэўніў: ніякай праблемы няма. Ключы жыхарам аддадуць з дня на дзень. А цана метра будзе адпавядаць дагаворнаму кошту.


Пагутарыць з намі асабіста пагадзіўся прадстаўнік адміністрацыі раёна. І, як ні дзіўна, інфармацыю аспрэчыў. Намеснік кіраўніка адміністрацыі запэўніў: канчатковы кошт квадратнага метра вызначыць спецыяльная камісія Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. І гэта ў доме, які па паперах здадзены ўжо некалькі месяцаў таму.


Літаральна на наступны дзень пасля прыезду нашай здымачнай групы жыхарам выбарачна пачалі аддаваць ключы ад кватэр. Праўда, паводлое іх слоў, лепш бы яны пачакалі яшчэ некалькі месяцаў. Воды, святла, газу няма. Кватэры недаробленыя. Мяркуючы па ўсім, будаўнікі эканомілі на ўсім.


У Міністэрстве архітэктуры нам паведамілі, што праблему ведаюць. Спецыяльна створаная камісія вызначыць канчатковы кошт квадратнага метра ў злашчасным доме. Праўда, хто ў выніку будзе аплачваць розніцу ў цане квадратнага метра, не адказалі. А гэта мільёны рублёў для кожнай сям'і.