У Мінску прайшлі дзіцячыя спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы "Бебі кап"

5 декабря 2015

Самыя шчырыя і добрыя эмоцыі сёння падарылі гледачам мінскага Палаца спорту сотні маленькіх грацый. Тут прайшлі дзіцячыя спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы "Бебі кап". Сёлета пашырылася геаграфія турніру. Свае нумары прывезлі гімнасткі са Смалявічаў, Рагачова, Нясвіжа і Слоніма. Алена Гарэльчык пра самы прыгожы спартыўны турнір.

У Палац спорту гэтыя дзяўчынкі сёння прыйшлі не з першымі промнямі сонца - гадзін у дзесяць, але з сонцам у руках. Касцюмы, макіяж, дэкарацыі, а галоўнае, настрой - усё для нумара пад назвай "Пакланяючыся сонцу". Ранішняя генеральная рэпетыцыя, невялікі адпачынак і самае цяжкае - час у чаканні выхаду на сцэну. 13 дзяўчынак час не марнуюць, а выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб удасканаліць самы складаны рух нумара.

За кулісамі жыццё кіпіць: шпагаты, расцяжкі, мосцікі. За лічаныя хвіліны да выхаду на сцэну гэтыя дзяўчынкі імкнуцца адкарэкціраваць усё. Жаданне быць лепшымі сапраўды робіць цуды. Галоўнае - трымаць вобраз. З такімі думкамі міма аб'ектыва камеры прайшлі дзяўчынкі-страусяняты.

Калі мамы трымаюць адказ за знешні вобраз гімнастак, то дэкарацыі ляжаць цалкам на плячах татаў. Сваё тварэнне чацвёрка з Баранавіч дэманструе з гонарам. З яшчэ большым гонарам глядзяць на сцэну, дзе ўсё тое, чаму навучыліся, паказваюць ужо іх маленькія дочкі.

Тата чатырохгадовай Соф'і, фрыстайліст Аляксей Грышын, выступлення сваёй дачкі чакае на трыбуне. Хвалюецца так, што не перадаць словамі. Гэта не самому сальта над снежным трамплінам круціць. Тым больш мастацкая гімнастыка - гэта, хутчэй, вотчына мамы. Слушная парада ад прызёра чэмпіянатаў свету не пашкодзіць.

Замілаванне і захапленне, дарэчы, адыходзяць на другі план, калі на дыване з'яўляюцца старэйшыя гімнасткі і больш вопытныя. Да іх і патрабаванні іншыя. Да выхаду дзяўчынак застаюцца лічаныя хвіліны. Дэкарацыі ўжо на сцэне. Вядучы чытае апошнюю падводку.