Прысягу на вернасць Радзіме сёння прынеслі каля пяцісот курсантаў

3 сентября 2016

Іх будучая прафесія - Радзіму абараняць. Сёння на плацы галоўнай ваеннай ВНУ краіны прысягу на вернасць народу Рэспублікі Беларусь прынеслі каля 500 курсантаў, у тым ліку 12 дзяўчат. Са знамянальнай падзеяй курсантаў павіншаваў міністр абароны Андрэй Раўкоў. Перш чым надзець форму вайскоўца, маладыя байцы прайшлі строгі адбор і вытрымалі шэраг уступных выпрабаванняў. Кіраўніцтва акадэміі адзначае, што традыцыйна ў гэтую ВНУ паступаюць толькі лепшыя з лепшых.

Генадзь Ляпешка, выконваючы абавязкі начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі: "Сёлета прахадны бал на ўсе без выключэння факультэты Ваеннай акадэміі значна вышэйшы, чым летась. У гэты дзень хочацца пажадаць усім курсантам, якія прынялі ваенную прысягу, каб яны адвучыліся ад першага да апошняга дня, сталі класнымі спецыялістамі, і ўсе веды, атрыманыя ў сценах акадэміі, прымянілі ўжо на воінскіх пасадах".

Словы прысягі сёння вымавілі 180 студэнтаў зноў створанага Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Учарашнія абітурыенты ўжо прайшлі курс маладога байца і сталі паўнапраўнымі работнікамі органаў і падраздзяленняў МНС нашай краіны.