Далучыцца да акцыі "Чысты вадаём" могуць усе жыхары

22 мая 2020
Экаактывісты на гэтым тыдні наводзяць парадак ля рэк і азёр. У Мінскай вобласці працягваецца акцыя "Чысты вадаём". Штогод яна аб'ядноўвае звыш 5 тысяч чалавек у розных кутках краіны, каб разам зберагчы прыродныя аб'екты. 

Аляксандра Кавеліч таксама падтрымала экаініцыятыву.

Гэтым разам экаактывісты адправіліся ў Смалявіцкі раён. Мы побач з Пятровіцкім вадасховішчам. Па добры ўлоў сюды прыязджаюць рыбакі здалёк, ля вады адпачываюць і мясцовыя жыхары. Яны таксама нярэдка далучаюцца да чыстай эстафеты.

Літаральна 10 хвілін і вялікія пакеты запоўнены амаль напалову. Вось ужо на працягу 5 гадоў кожную вясну Дзмітрый Сыраквашка падхоплівае экаініцыятыву. Сам заўзяты рыбак, але ж сёння пакінуў снасці дома. Разам з аднадумцамі ачышчае ўзбярэжжа маляўнічага вадаёма. 

Каб такая тэндэнцыя захоўвалася, побач усталёўваюць інфармацыйныя знакі. Штогод па ўсёй краіне прадстаўнікі прыродаахоўных арганізацый разам з валанцёрамі ачышчаюць каля тысячы кіламетраў берагавой лініі. І не толькі каб захаваць прыродныя пейзажы.

Далучыцца да ініцыятывы заклікаюць жыхароў розных рэгіёнаў. Неабходны інвентар для ўборкі можна атрымаць у аддзяленнях Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Арганізатары адзначаюць, кожны сезон неабыякавых да навакольнага асяроддзя становіцца ўсё больш. 

Нягледзячы на тое што афіцыйна мерапрыемствы доўжацца ўсяго тыдзень, гэтыя даты ўмоўныя. Арганізатары падкрэсліваюць, захоўваць чысціню прыродных аб'ектаў - агульная справа незалежна ад сезона.