Прыродны комплекс Блакітныя азёры можа стаць візітнай карткай беларускага экатурызму

21 июня 2014
Чыстае паветра, празрыстыя азёры, некранутая прырода і практычна поўная адсутнасць цывілізацыі - гэта прыцягвае не толькі многіх беларусаў, але і турыстаў замежжа.

Да іх далучылася і Антаніна Станкевіч.

Нягледзячы на самы пачатак сезона, не вельмі цёплае надвор'е і будны дзень, час ад часу сустракаем адпачывальнікаў. Не толькі беларусы, але і госці з замежжа не раз чулі пра Блакітныя азёры. Але, як кажуць, лепш усё ж убачыць.

Сюды прыязджаюць як паасобку, так і арганізаванымі групамі. У сезон не прапускаюць ні дня, акрамя зусім дажджлівых хіба што. Для адпачывальнікаў распрацаваны некалькі экалагічных маршрутаў. Экскурсаводы расказваюць не толькі пра некранутую прыроду - тут растуць нават расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, але і пра легенды гэтага месца. Пасля такой экскурсіі любы школьнік без праблем раскажа пра гісторыю возера Глубелька.

Галоўнае, што прапаноўвае гэты комплекс - свежае паветра, празрыстыя азёры і абсталяваныя пляжы. Тут ёсць і лясная мэбля, і дровы, і мангалы, і нават некалькі плывучых плытоў і вышкі для аматараў экстрэмальных скачкоў у ваду.

Блакітныя азёры знаходзяцца ў аддаленнасці ад асноўных трас, чыгункі і буйных гарадоў. А таму маюць усе шанцы стаць візітнай карткай беларускага экатурызму.