Прыродная анамалія ў Пінску. Рака Піна пакрылася зялёным дываном

23 сентября 2019

Прычына - плавальная папараць, што разраслася на набярэжнай. Як сцвярджаюць навукоўцы,  гэта вялікая рэдкасць для такога месца. Прадоўжыць тэму  Марыя Тройніч.

Аматар рыбалкі Іна Ільіна не ўтойвае прыкрасці: за цэлы дзень улову практычна няма. У вядры  толькі некалькі дробных рыбак. На рацэ Піне жанчына рыбачыць  ужо 30 гадоў. Але такое тут бачыць упершыню: ваду ля  берагоў накрыў зялёны дыван з папараці. 
Навуковая назва воднай папараці - плавальная сальвінія. На паверхню расліна выпускае зялёнае лісце, а карані  ідуць глыбока ў ваду. Па словах спецыялістаў, прычын такога  разрастання  некалькі. Асноўныя - засушлівае лета і будаўніцтва моста цераз раку. 
Навуковая назва воднай папараці - плавальная сальвінія. 
Акрамя гэтага з-за аўтамабільнай пераправы на ўчастку ракі перасталі плаваць судны, што таксама застойвае ваду. Маштабная будоўля ў Пінску пачалася вясной. Пуцеправод  прыйшлося закрыць. 
Стары мост цераз раку Піну практычна  поўнасцю разабралі. Засталося толькі некалькі бетонавых паль. Новы пуцеправод будзе шырэйшы. Месца стане больш і для вадзіцеляў, і для пешаходаў.
Рух машын пусцілі побач  з будоўляй. Праязджаць па часовым пантонным мосце можна без прыпынку, так што затораў на дарозе не ўзнікае. Ацаніць новы мост аўтамабілісты змогуць  напрыканцы гэтага або ў пачатку наступнага года.

Як сцвярджаюць эколагі, разрастанню папараці можна толькі парадавацца, бо сальвінія занесена ў Чырвоную кнігу і жыве толькі ў чыстай вадзе. У суседніх Украіне і Расіі гэты рэдкі від і зусім пад пагрозай знікнення з-за забруджвання рэк. Зрэшты, упрыгожваць Піну папараці засталося нядоўга. Як толькі новы мост адкрыюць, плынь увойдзе ў звыклае рэчышча.