Прыпяць працягвае наступаць на палешукоў

24 апреля 2013

За тым, як Палессе сустракае вясну, сёлета ратавальнікі, журналісты і сіноптыкі назіраюць яшчэ больш пільна, чым звычайна. Нашы гомельскія карэспандэнты заступілі на баявое паводкавае дзяжурства… Не абышлося без сюрпрызаў. Так, у адной з вёсак Жыткавіцкага раёна, акрамя гародаў, вуліц і дарог, вада адрэзала доступ да сацыяльных аб'ектаў. Зрэшты, аптымістычна настроеныя мясцовыя жыхары выйсце са становішча знайшлі хутка.


У гэтым упэўнілася Вольга Халадовіч.
Па вуліцах вёскі Хлупін у Жыткавіцкім раёне на машыне едзеш, як на катары.  Прыпяць вырашыла адведаць палешукоў і затапіла тут гароды і вуліцы. Але і гэтага рацэ здалося мала. Зрабіла вёску сапраўдным мокрым месцам. Яна прыйшла сюды літаральна за пару дзён і сыходзіць не збіраецца.

Прыпяць у вёсцы Хлупін не толькі затапіла дарогі і падворкі, але і ўзяла ў палон сацыяльныя аб'екты. Мясцовы ФАП  яго загадчыца Людміла Новак наведвае штодня. Праводзіць уласны маніторынг - ці падае ўзровень вады.  Гаворыць,  ужо можна прайсці ў гумавых ботах, а літаральна пару дзён таму сюды можна было толькі прыплысці на лодцы. Каб ад уздыму вады не паднімаўся ціск у мясцовых жыхароў, Людміла Мікалаеўна прымае пацыентаў прама ў сябе дома.

Вада зрабіла падарунак мясцовым школьнікам - узяла ў палон школу, адправіўшы вучняў і педагогаў на вымушаныя канікулы. Праўда, зараз навучальны працэс адноўлены. Дзяцей адвозяць на заняткі ў суседнюю вёску. Настаўнікі, карыстаючыся перапынкам у занятках у Хлупінскай школе, вырашылі зрабіць тут невялікі рамонт.

Нягледзячы на ўсе нязручнасці, пакідаць родныя дамы ніхто з палешукоў не збіраецца. Гавораць,  вада рана або позна ўсё роўна сыдзе, а пакуль пабудзем вадаплаўнымі.

У самім Гомелі Сож ужо на паўметра вышэйшы за небяспечную адзнаку і затоплена прыкладна паўсотні падворкаў.  У абласным цэнтры пачаў працу гарадскі супрацьпаводкавы штаб. Нягледзячы на разгул вады, сітуацыя ў рэгіёне знаходзіцца пад кантролем.  За апошнія гады ў краіне навучыліся спраўляцца з наступствамі  разводдзяў рэк. Прынятыя і працуюць мэтавыя праграмы па абароне населеных пунктаў і сельгасугоддзяў у паводканебяспечных раёнах.

Абмяркоўвалася тэма паводкі і на нарадзе з Кіраўніком дзяржавы. Ад мясцовых улад, МНС і іншых экстранных службаў Прэзідэнт патрабуе рэальна ацаніць становішча і прыняць усе неабходныя  меры. На сённяшні дзень толькі ў Гомельскай вобласці падтоплена больш за 2,5 тысячы падворкаў, каля 300 жылых дамоў і больш  за тысячу  дачных і нежылых пабудоў. Адселеныя 17 чалавек. Аднак да капрызаў рэк тут гатовыя: палешукі - маральна,  ратавальнікі і ўлады - вырашаць любыя праблемы.