Прымаць унутрывенна антыбіётыкі неабходна ў стацыянарах у прысутнасці медпрацаўніка

25 января 2017

Такую думку выказаў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя, каментуючы выпадкі развіцця анафілактычнага шоку ў беларусаў пасля ўвядзення цэфтрыяксону.

Нагадаем, за тыдзень у краіне зафіксаваны адразу тры падобныя рэакцыі на антыбіётык, змяшаны з лідакаінам. Аднак сцвярджаць, што прэпарат няякасны, прычын няма, больш за тое, дакладна не ўстаноўлена, ці былі гэта алергічныя рэакцыі на цэфтрыяксон або лідакаін.

Акрамя таго, падчас калегіі абмеркавалі не толькі праблемныя пытанні, але і дасягненні сферы аховы здароўя за мінулы год. Так, Беларусь займае першае месца ў свеце па даступнасці меддапамогі. Акрамя таго, краіна ўпершыню выйшла на натуральны прырост. На працягу некалькіх гадоў у нас няма эпідэміі грыпу, дзякуючы вялікаму працэнту людзей, што прайшлі вакцынацыю. Высокія паказчыкі і ў барацьбе з сусветнай праблемай ВІЧ/СНІД - Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае - у Беларусі ліквідавана перадача віруса ад маці да дзіцяці. З кожным годам расце колькасць высокатэхналагічных аперацый.

На выніковую калегію ў сталіцу прыехалі прадстаўнікі ўсіх медарганізацый краіны. А айчынныя прадпрыемствы па вытворчасці медпрэпаратаў і тэхнікі прэзентавалі свае найлепшыя распрацоўкі.