Прэзідэнцкай бібліятэцы - 85-ць!

10 декабря 2018

Яна з першых дзён утварэння   забяспечвае інфармацыяй дзяржаўныя органы ўлады. Гэтую ганаровую і адказную місію выконвае адзін з самых сакрэтных і непублічных яе аддзелаў - інфармацыйна-аналітычны. Падрабязней - Наталля Бардзілоўская.

 


Восем супрацоўнікаў інфармацыйна-аналітычнага аддзела. Іх працоўны дзень пачынаецца а палове восьмай. А ўжо да 10 раніцы штодня гэтыя спецыялісты павінны прадставіць на стол самога кіраўніка дзяржавы, а таксама вышэйшым дзяржаўным асобам і органам пакет найпаўнейшай, актуальнай і лаканічнай інфармацыі.

Бліц-інфармацыйны штодзённік складаецца з тысяч рознабаковых апрацаваных аналітыкамі крыніц. Прафесіяналы вывучаюць друкаваныя і электронныя матэрыялы. Уваходзяць у Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. У агляд уключаюць айчынныя і замежныя дакументы. Адсочваюць базы міжнародных калег. Улічваюць меркаванні палітыкаў і экспертаў у эканоміцы.
Пакуль той ці іншы законатворчы праект толькі стаіць на парадку дня – тут фарміруюць пакет з самай пашыранай інфармацыяй па яго тэматыцы. Бібліятэкары-прафесіяналы зберагаюць час дэпутатаў і дзяржслужачых - прадстаўляюць падборкі аператыўна, па электроннай пошце.
Сотні карыстальнікаў. Індывідуальныя запыты і даручэнні буйных структур і арганізацый. У бібліятэцы адсочваюць сусветныя тэндэнцыі і ведаюць прыватныя перавагі кожнага нават рэгіянальнага ведамства. Болей за тое: праблемы ці тэмы яшчэ няма ў грамадстве, але тут аналітыкі ўжо прадчуваюць яе, яны ўмеюць бачыць тое, што лунае ў паветры. Праца на апярэджанне прыносіць плён.
Акрамя планавай працы ў дзень у аддзеле – дзясяткі непрадказальных тэлефонных званкоў. Просьбы з адзнакай "зрабіце экстранна, патрэбна яшчэ ўчора". У рэжыме "хуткай" - выконваюць.

За восем з паловай дзесяцігоддзяў Прэзідэнцкая бібліятэка трансфармавала тэхналогіі дзейнасці, але не памяняла сутнасці - тут па-ранейшаму цэнтр ведаў і інфармацыі і праца ў рытме "Логіка. Аператыўнасць і дакладнасць".