Прэзідэнтам падпісаны ўказ аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага

12 апреля 2019

Сёння Прэзідэнтам падпісаны ўказ аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Гэтая ўстанова адукацыі з'явіцца ў Мінску да 1 студзеня 2021 года. Штогод у тэхнапарку будуць праходзіць навучанне каля 2 тысяч найбольш  адораных дзяцей - вучняў 6-11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны. У першую чаргу шчаслівы білет у свет высокіх тэхналогій атрымаюць пераможцы і прызёры алімпіяд, конкурсаў і інтэлектуальных турніраў. Дарэчы, навучанне і пражыванне юнага вундэркінда - выключна за кошт  сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Тэму адукацыі будучыні  працягне Святлана Чарнова

У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Аляксей займаецца ўжо два гады. Кірунак для пяцікласніка больш чым сур'ёзны - школьнік захапляецца авіямадэляваннем,   і тут жа  вучыцца пілатаваць радыёкіравальны самалёт.

Пра свой інтарэс, толькі ўжо да радыёэлектронікі, гаворыць і Кірыл. Больш за тое, васьмікласнік гатовы пахваліцца сваімі дасягненнямі ў гэтай галіне. Напярэдадні на 10 Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці "Тэхнаінтэлект" школьнік заняў 4-е месца, прапанаваўшы ўласную вынаходку - прыладу для кантролю тэмпературы аўтамабільнага прывада. 

У такіх таленавітых дзяцей  у хуткім часе з'явіцца магчымасць удасканаліць навыкі і заявіць аб сабе, удзельнічаючы ў праектных працах. З гэтай мэтай на аснове Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў Беларусі з'явіцца Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Адпаведны дакумент ужо падпісаны Кіраўніком дзяржавы. "Робататэхніка", "Нейракіраванне", "Індустрыя нанасістэм" - вундэркінда чакае навучанне па суперсучасных, інавацыйных кірунках. 

Праўда,  ёсць абмежаванні. Да альянсу юных геніяў могуць далучыцца толькі вучні сярэдняй і старэйшай школы - праграма арыентаваная на 6-11 класы.

Навучанне ў тэхнапарку разлічана на 21 дзень. У групе будуць займацца не больш за  10 школьнікаў. Па заканчэнні курса - дыстанцыйнае суправаджэнне і падтрымка. Такім чынам тэхнапарк плануе штогод дарыць шчаслівыя білеты ў свет высокіх тэхналогій прыкладна дзвюм тысячам адораных хлопцаў і дзяўчат  з усіх куткоў нашай краіны.

Такі праект для таленавітай моладзі ўжо рэалізаваны ў Расіі. Сірыус, так завецца адукацыйны цэнтр, знаходзіцца ў Сочы. Наш Прэзідэнт яго наведваў двойчы: у 2015 годзе, калі навуковы кластар толькі набіраў сілу, і ў лютым гэтага года. У Сірыусе юныя вундэркінды праходзяць навучанне па розных кірунках: навука, спорт, мастацтва. Дзеці  прыязджаюць амаль на месяц, тут жывуць, бавяць  свой вольны час, а галоўнае - развіваюць здольнасці разам з лепшымі педагогамі. Такі вопыт спатрэбіцца і нашаму тэхнапарку. 

Што датычыцца  інфраструктуры будучага беларускага тэхнапарка, нельга не ацаніць яе маштабы: у складзе навучальна-лабараторны комплекс, навучальна-матэрыяльная база рэспубліканскіх цэнтраў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, экалогіі і краязнаўства. 

Вось гэты будынак - недабудаваны корпус БНТУ. Сітуацыя часовая. Хутка яго рэканструююць, напоўняць сучасным абсталяваннем, і ён атрымае новы статус - навучальна-лабараторнага корпуса дзіцячага тэхнапарка. Менавіта тут школьнікі,  будучыя спецыялісты IT-сферы,  будуць адточваць свае першыя прафесійныя навыкі.

Тут жа побач "вырастуць" сярэдняя школа - вучні будуць працягваць навучанне па агульнаадукацыйнай праграме,  а таксама інтэрнат. Яго будаўніцтва запланавана на найбліжэйшыя два гады.

Дарэчы, пражыванне і навучанне адораных школьнікаў - выключна за кошт  дзяржавы.

І спецыяльна для гэтага будзе сфарміраваны высокакваліфікаваны педагагічны склад: навучаць рабят будуць навукоўцы, супрацоўнікі ўніверсітэтаў і навукова-даследчых арганізацый. Ацаніць магчымасці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка школьнікі змогуць праз два гады. Плануецца, што новая адукацыйная ўстанова прыме  першых вучняў,  будучых спецыялістаў сферы высокіх тэхналогій,  1 студзеня 2021 года.