Прэзідэнт выказаўся аб працы дзяржаўных СМІ

11 февраля 2020
Беларусі пакуль удаецца засцерагчы сваю інфармацыйную прастору ад масавых маніпуляцый і медыякратыі, калі нацыянальны парадак дня дыктуюць не ўласныя інтарэсы грамадства і дзяржавы, а знешнія сілы, алігархічныя групоўкі, палітычныя кланы і журналісты, якія абслугоўваюць іх інтарэсы. Такую выснову можна зрабіць з аб'ектыўнага аналізу сітуацыі на медыярынку, які сёння прагучаў у Палацы Незалежнасці ад Кіраўніка дзяржавы. На сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Прэзідэнт прызнаў адставанне па форме падачы матэрыялаў, але не па змесце. Праўда ад лідараў меркаванняў, аўтарская журналістыка, тэхналагічнасць і апора на інфармацыйны суверэнітэт - з гэтага падмурка павінна і будзе павялічвацца айчынная медыяпрастора.
Разбор палётаў ад Прэзідэнта атрымалі ўсе асноўныя сегменты медыярынку. Так, ад друкаванага слова чакаюць аналітыкі і лічбавізацыі. Класічнай журналістыцы з рэпутацыяй варта актыўна і маштабна канвертаваць матэрыялы ў фарматы анлайн-журналістыкі і працаваць на маладую аўдыторыю, а яна жыве з гаджэтам у руцэ. Тэлевізару быць,  тут прыярытэт  -  нацыянальны прадукт. Да канца года кантэнт сваёй вытворчасці ва ўсіх тэлеканалаў не павінен быць ніжэйшым за 30 %. Фактычна гэта першая лінія абароны інфармацыйнага суверэнітэту. З шасці галоўных кнопак нашага холдынга гэты паказчык даўно перавысілі першая, трэцяя, спартыўная пятая і спадарожнікавая 24-я. Адставанне ёсць у сацыяльна-забаўнай другой кнопкі -  "Беларусь 2". Але на гэтым адбіліся выдаткі на мадэрнізацыю і недахоп яркіх нацыянальных праектаў і серыялаў. Зрэшты, праблемы нашага цэха Кіраўнік дзяржавы, як паказала нарада, ведае да нюансаў. А па шматлікіх навацыях выступае не столькі медыякрытыкам, колькі ініцыятарам мадэрнізацыі. 

У фармаце адкрытага дыялогу Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць не толькі жыццёвыя праблемы СМІ, але і актуальны палітычны парадак дня. Напрыклад, адносіны з усходнім саюзнікам па выніках перамоў у Сочы. Большасць кіраўнікоў СМІ - яркія публіцысты і вядучыя аўтарскіх праектаў, ім важна ведаць палітычную драматургію моманту з першых вуснаў. Падрабязнасці нарады  ў нашых наступных выпусках і ў аўтарскіх праектах. У Белтэлерадыёкампаніі гэта "Клуб рэдактараў" і фармат спецыяльнага госця.