Прэзідэнт павіншаваў работнікаў культуры

13 Кастрычніка 2019

Іх місія - несці мастацтва ў масы. Беларусь адзначае Дзень работнікаў культуры. З прафесійным святам прадстаўнікоў галіны павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за шматвяковую гісторыю ў краіне  сфарміравана непаўторная і багатая культурная спадчына,  і менавіта яна і аб'ядноўвае ўсіх нас.

"Беражліва захоўваючы нацыянальны набытак, сёння вы працягваеце напаўняць айчыннае мастацтва матэрыяльным і духоўным зместам. Кожны з вас уносіць вялікі ўклад у выхаванне новых пакаленняў беларусаў, якія ганарацца сваёй самабытнасцю. Дзякуючы вашаму таленту, натхненню, вопыту і ведам  кожны год скарбніца нацыянальнай культуры ўзбагачаецца цудоўнымі прэм'ерамі, цікавымі мастацкімі творамі, яркімі перамогамі на міжнародных фестывалях і конкурсах, шэдэўрамі,  годнымі нашага часу",  - гаворыцца ў віншаванні

Дарэчы, прадстаўнікоў творчых прафесій у нашай краіне каля 60 тысяч. Гэта супрацоўнікі бібліятэк і музеяў, артысты, мастакі, музыканты і спецыялісты ўстаноў адукацыі культурнага профілю. Для дасведчанай публікі  ў Мінску працягваюць працаваць над будаўніцтвам музейнага квартала.  У культурны абарот комплексу ўвойдуць будынкі па вуліцах Кірава, Леніна і Маркса.