Прэзідэнт наведаў велікоднае набажэнства і запаліў святочную свечку ў Свята-Дабравешчанскім храме

19 апреля 2020
Свята, якое нясе ў свет святло, дабрыню і, вядома, надзею. Хрыстовае Уваскрэсенне - Вялікдзень - сёння адзначаюць праваслаўныя вернікі. Радасць гэтага дня разам з вернікамі падзяліў і Кіраўнік дзяржавы.

Для Прэзідэнта гэта больш чым традыцыя

Якім бы шчыльным ні быў графік, нягледзячы на акалічнасці, кожны год Аляксандр Лукашэнка наведвае святыні ў розных кутках краіны. Гэтым разам Кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на святочным набажэнстве ў Свята-Дабравешчанскім храме ў вёсцы Малыя Ляды. Гэта за 40 кіламетраў ад Мінска. Царква знаходзіцца на тэрыторыі мужчынскага манастыра. Ён стаў сапраўдным духоўным цэнтрам і месцам паломніцтва для праваслаўных хрысціян. Так, жыццё ва ўмовах пандэміі адкарэктавала планы вернікаў, не ўсе сёння прыйшлі ў храм. Але ў Беларусі дарогу да яго не закрывалі. Сімвалічна ўбранне храма падкрэслівала, што гэта свята, якое ўвасабляе перамогу жыцця і веры ў лепшае. Жывыя кветкі ўпрыгожылі алтарную частку і абразы, гучалі духоўныя спевы і, вядома, трохразовае "Хрыстос  уваскрос!". 

Разам з малодшым сынам Мікалаем Аляксандр Лукашэнка запаліў святочную свечку

Гэтымі святочнымі велікоднымі днямі хочацца больш гаварыць пра добрае, але, як гаворыцца, абстрагавацца ад усяго свету і яго навін  немагчыма. Людзям як ніколі патрэбна падтрымка ў выглядзе добрага слова, якое ўсяляе аптымізм і натхняе. Асабліва ў гэты дзень у царкве Прэзідэнт не мог не сказаць тыя рэчы, якія ад яго так чакалі пачуць.
На Вялікдзень абавязкова прынята дарыць падарункі. 

Кіраўнік дзяржавы перадаў лядзенскаму храму абраз  "Уваскрэсенне Гасподняе"

Прэзідэнту падарылі абраз  Божай Маці "Апякунка" - адну з найбольш вядомых і ўшанаваных у праваслаўным свеце. Прэзенты атрымалі і тыя, хто прысутнічаў на святочным набажэнстве. Аляксандр Лукашэнка пачаставаў іх сваім фірменным шакаладам "Прэзідэнт". А яшчэ вельмі цёпла пагутарыў з вернікамі.
Часцей чым  звычайна гучалі ўзаемныя пажаданні здароўя і даўгалецця. Вось так па-простаму вернікі распавядалі, што моляцца за ўсіх беларусаў і за краіну.