Прэзідэнт звернецца да беларускага народа і парламента з традыцыйным Пасланнем. Прамое ўключэнне з Авальнай залы

19 Красавіка 2019

Крыху больш за гадзіну застаецца да адной з ключавых грамадска-палітычных падзей года - Паслання Прэзідэнта народу і парламенту. Яно па традыцыі расстаўляе асноўныя прыярытэты развіцця дзяржавы і грамадства на тактычную перспектыву, але таксама нярэдка пастуліруе стратэгічныя напрамкі. Пазней яны дэталізуюцца ў пяцігадовых праектах і прагнозах. Ад цяперашняга Паслання палітыкі, эксперты і журналісты чакаюць адказаў адразу на некалькі  інтрыгуючых пытанняў. Якіх менавіта? Спытаемся ў нашага палітычнага аглядальніка Андрэя Крывашэева. Ён ужо ў Авальнай зале парламента рыхтуецца выслухаць Пасланне, а напярэдадні сабраў экспертныя ацэнкі: якія тэмы сёння найбольш актуальныя для грамадства і, на думку грамадства, павінны быць агучаныя Прэзідэнтам. 

Штогадовае Пасланне Кіраўніка дзяржавы - гэта заўсёды грамадска-палітычны кактэйль традыцый і навацый. Само Пасланне - зварот да народа і парламента - гэта ўжо дзяржаўная і нацыянальная традыцыя, замацаваная ў Канстытуцыі. Дарэчы, сёлета своеасаблівы юбілей і Асноўнага закона Беларусі, і самога інстытута прэзідэнцтва. 25 гадоў - чвэрць стагоддзя, а значыць ёсць сур'ёзная падстава азірнуцца ў мінулае і зрабіць наступны крок у пабудове рэальна суверэннай дзяржавы. 

Другая традыцыя - падрыхтоўка да Паслання заўсёды пачынаецца задаўга да прыбыцця Прэзідэнта ў Авальную залу. Сёлета элементамі падрыхтоўкі сталі ўсе буйныя дыскусіі і сустрэчы з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Можна ўспомніць "Вялікую размову" журналістаў і экспертаў з Прэзідэнтам, ключавыя нарады па развіцці буйных гарадоў і IT-галіны. І гэта толькі самыя свежыя мерапрыемствы. Вялізны пласт тэм. 

Што да інтрыгі. Ужо аб'яўлена, што бягучы і наступны гады стануць іспытамі для дзяржавы і палітычнай культуры беларусаў. Павінны прайсці выбары - парламенцкія і прэзідэнцкія. Але вось у якім парадку і ў якія тэрміны яны пройдуць, пакуль не аб'яўлялася. Пазіцыі Прэзідэнта чакаюць і парламентарыі, і грамадства, і аналітыкі. 

Але гэта не адзіная інтрыга. Якія яшчэ? Спытаемся ў намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Дзмітрыя Шаўцова (відэа).

Чакаем прыбыцця Кіраўніка дзяржавы ў Авальную залу і галоўнага Паслання года.