Прэзідэнт Беларусі падпісаў дэкрэт "Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй"

10 мая 2019
Дакумент змяшчае шэраг прынцыповых рашэнняў. Яны адкрываюць цалкам новыя магчымасці для правасуддзя. У прыватнасці, асуджаныя паводле карупцыйных артыкулаў пазбаўляюцца права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Рашэнне жорсткае, але дзейснае: такі метад ужо практыкуецца ў многіх краінах свету. Дарэчы, і стаўленне Прэзідэнта Беларусі да такіх злачынстваў ужо даўно вядома. Пачынаючы ад працы ў профільнай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі ў пачатку дзевяностых і сканчаючы жорсткімі рашэннямі, не гледзячы на чыны і званні, у нашы дні, Аляксандр Лукашэнка заўсёды прытрымліваецца адназначнай пазіцыі ў дачыненні да карупцыянераў. Даравання не чакайце. Папытанне з праваахоўнай сістэмы ў нашай краіне было і застаецца самым сур'ёзным. Пра адметнасці новага дакумента - Аляксей Марцінёнак.

Што такое карупцыя, сучаснаму чалавеку тлумачыць не трэба. Фармальна гэта нават шакаладка ў падзяку доктару, а вось фактычна некаторыя людзі робяць сваё жыццё ну вельмі салодкім вельмі хутка і заўсёды незаслужана, бо за кошт іншых. 

Аператыўныя кадры, на якіх праваахоўнікі акуратна дастаюць са схованак дзясяткі і сотні тысяч долараў, у звычайнага чалавека заўсёды выклікаюць абурэнне:  я ўжывую такіх грошай і не бачыў ніколі! А па сутнасці, гэта і ёсць яго, то бок народны капітал. Умела адпілаваны ад бюджэту, у які па падатковай кроплі ўкладваюцца бадай усе. 

Адгэтуль запыт грамадства на справядлівую, празрыстую працу і дзяржорганаў, і камерцыйных структур. А рэакцыяй Прэзідэнта стала пэўнае даручэнне ў нядаўнім Пасланні народу і парламенту.

Карупцыя - адна з галоўных пагроз нацыянальнай бяспецы, яна здольная разбурыць любую сацыяльную і эканамічную сістэму. Несправядлівае размеркаванне прыбыткаў - гэта падстава для нарастання грамадскага пратэсту. Як гэта бывае, усе мы бачылі крыху на поўдзень ад Беларусі. Таму ў нашай краіне барацьба з гэтай з'явай вядзецца дакладна і планамерна.

Не ківаючы на суседзяў, навесці парадак у сваім доме і на ўсіх узроўнях - гэта задача нумар адзін. І тут эфектыўнасць працы нашых праваахоўнікаў становіцца ўсё вышэй. У Беларусі за апошні год значна вырасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў. У 2018 зафіксаваныя амаль дзве з паловай тысячы такіх фактаў. Матэрыяльная шкода склала больш за 22 мільёны рублёў. 

У той жа час і праблем звышдастаткова. Па ўсёй краіне прайшла маштабная рэвізія. Генеральны пракурор асабіста пабываў ва ўсіх рэгіёнах і ацаніў якасць працы на месцах. 

Вынікі падводзілі ў снежні, і вынікі несуцяшальныя: барацьба з карупцыяй на ўзроўні абласной вертыкалі вядзецца фармальна, так што механізмы і метады трэба тэрмінова змяняць.

Чырвонай рысай пад комплекснай працай Мінюста і Генпракуратуры стаў падпісаны Кіраўніком дзяржавы глабальны дакумент. Дэкрэт з сённяшняга дня ўваходзіць у сілу і істотна абнаўляе прававое поле краіны. Што да карупцыйных эксперыментаў, то зараз ахвочыя правесці асабісты прыбытак міма касы тройчы падумаюць. Дэкрэт упершыню ў выглядзе нарматыўна-прававога акта вызначыў склады карупцыйных злачынстваў. 

У гэтым жа спісе - крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і адмыванне, гэта значыць легалізаванне незаконна атрыманых сродкаў. Ёсць у дэкрэце і яшчэ адзін пункт, які, па сутнасці, гарантуе, што чалавек, які ўчыніў карупцыйнае злачынства, сваю віну загладзіць ад званка да званка. Падобны вопыт ужо практыкуецца ў Расіі і Казахстане.

Сяргей Задзіран, першы намеснік міністра юстыцыі Беларусі: "Дэкрэт прадугледжвае немагчымасць прадстаўлення асоб, якія асуджаныя за карупцыйныя злачынствы, да ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены неадбытай часткі пакарання мякчэйшым пакараннем".

Частку бюджэтнага пірага спрабуюць адхапіць амаль ва ўсіх сферах. Паводле звестак за мінулы год, самыя вялікія апетыты ў дзяржкіраванні, дзе зафіксавана больш за трыста карупцыйных злачынстваў. Следам ідуць прамысловасць, транспарт, будаўніцтва, сельская гаспадарка і сфера паслуг. Больш за сотню фактаў - у ахове здароўя, гандлі і адукацыі.

Так ці інакш, карупцыйныя праявы ўсплываюць амаль ва ўсіх аспектах жыцця грамадства. А значыць, датычацца кожнага!

Калі разглядаць справядлівасць як якасць асяроддзя, то бліжэй за ўсё да яе апісання словы "справядлівасць - як паветра". Няма яе, і адчуваеш гэта адразу - пачынаеш задыхацца. А вось карупцыя сваім уплывам на людзей і на дзяржаву складаней - душыць яна зусім не імгненна. Аднак выжыць і чалавеку, і дзяржаве ў атмасферы, забруджанай карупцыяй, і нават проста доўга дыхаць атручаным ёю паветрам цяжка! І згаджацца на гэта не трэба!