Прэзідэнт Беларусі ўзняў актуальныя праблемы жыцця грамадства на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна

22 октября 2021
Актуальныя праблемы грамадства, абарона персанальных звестак, інвестыцыі, экалогія, электратранспарт, фінансы. Шырокі спектр тэм агучаны  сёння на нарадзе ў Прэзідэнта  з кіраўніцтвам Саўміна. Разглядаліся прапановы  па шэрагу пазіцый. У прыватнасці, беларускі лідар падтрымаў стварэнне Нацыянальнага цэнтра  для кантролю ў сферы абароны звестак. Неабходна таксама павышаць  узровень  дасведчанасці насельніцтва ў кіберпрасторы.  Што датычыцца электратранспарту (аднаго з найбольш перспектыўных кірункаў), прапануецца ўвесці  дадатковыя стымулы для тых, хто набывае экалагічныя сродкі перамяшчэння. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб выніках усебаковай прапрацоўкі пытанняў. 


Міністр эканомікі пра стымулы для набыцця электратранспарту


Як распавёў журналістам міністр эканомікі, з 6150 электрамабіляў, якія купілі за 3 гады,  5700 - гэта машыны, набытыя з моманту рэалізацыі ўказа, г.з. са стымулам ад дзяржавы. І гэта праца будзе прадоўжана. Стымулы будуць распаўсюджвацца не толькі на  простых грамадзян, але і на бізнес, а таксама на  шырокую лінейку электратранспарту. 

Прэзідэнт паставіў задачу па стрымліванні росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень. Асабліва гэта датычыцца кошту прадуктаў харчавання. Гэта адна з самых адчувальных пазіцый для насельніцтва. Нараўне з прыняццем  антыінфляцыйных мер  парадак павінен быць наведзены там, дзе пачынаецца эканоміка галіны, якая гарантуе харчовую бяспеку. 

У Беларусі створаць Нацыянальны цэнтр па абароне персанальных звестак


Важнае рашэнне - у Беларусі створаць Нацыянальны цэнтр па абароне персанальных звестак. Дарэчы, аднайменны закон уступае ў сілу ўжо з 15 лістапада. Рашэнне на злобу дня, бо сёння абарона асабістай інфармацыі ў Сусветнай павуціне - адна з асноў бяспекі грамадства. Як адзначыў начальнік аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, гэта меры, якія дапамогуць людзям засцерагчы сябе ад непажаданых "сліваў" і ўмяшання ў прыватнае лічбавае жыццё. 

Мёрскі металапракатны завод будзе працаваць


Падрабязна на нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі і сітуацыю  на Мёрскім металапракатным заводзе. Так, па сутнасці, гэта прыватны праект, які прыкметна забуксаваў. Аднак на прадпрыемстве працуюць прыкладна 600 чалавек. І іх ніхто не кіне -  дзяржава зробіць усё магчымае, каб выратаваць вытворчасць. 


На нарадзе абмеркавалі, наколькі мы ўпэўнена ўступаем у зімовы перыяд. Неабходна запоўніць стабілізацыйныя фонды, якія дазволяць пазбегнуць тых самых скачкоў цэн  і стануць фундаментам  стабільнасці спажывецкага рынку міжсезоння. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў лістападзе чакаецца грунтоўная размова  аб гатоўнасці да зімы і запаўняльнасці сховішчаў для агародніны.