Прэс-тур украінскіх журналістаў па Беларусі

15 августа 2013
Украінскія журналісты хочуць прапанаваць увядзенне адзінага падатку для раённых газет. Зараз там агульнае падаткаабкладанне, што прымушае мясцовую прэсу замест атрымання прыбытку папросту выжываць. Гэтую ідэю, якая ўжо працуе і апраўдала сябе ў Беларусі, у рамках прэс-тура калегі падгледзелі пры наведванні мясцовай газеты ў Ваўкавыскім раёне.

Якія яшчэ праекты і інавацыі прывязуць дахаты ўкраінскія журналісты і пра што распавядуць у сваіх матэрыялах, высвятляў Дзмітрый Смірноў.


Тур украінскіх журналістаў быў насычаны не толькі з экскурсійнага пункта погляду. Карэспандэнты атрымалі прамы доступ для інтэрв'ю з кіраўнікамі раёнаў і вобласці, змаглі пагутарыць і з бізнесменамі. Апошнія распавялі, як вядуць свой бізнес у Беларусі.

Адзін з тых, хто адказаў на пытанні, апынуўся суайчыннікам журналістаў. Выхадзец Вінніцкай вобласці Украіны зараз адкрывае цэментны завод у Беларусі. Для журналістаў гэта свайго роду поспех і яскравы прыклад эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Украінскіх журналістаў першым чынам цікавілі тры пытанні: як улада ўзаемадзейнічае з медыя, што змянілася ў Беларусі за апошні час і як зарабляюць газеты. Адказ на апошняе пытанне многія яшчэ доўгі час лічылі ў сябе фактычна немагчымым.

Сэнс працы журналіста, на думку гасцей, наўрад ці адрозніваецца ў Беларусі і Украіне. Ёсць толькі адна розніца - ва Украіне зараз піяршчыкаў стала больш за журналістаў.

Афіцыйны статус удзельнікаў прэс-тура, дарэчы, дазволіў шматлікія ідэі ўвасабляць адразу на месцы. У прыватнасці, старшыня Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны пасля вяртання збіраецца ініцыяваць прыняцце адзінага падатку для раённых газет.

Алег Налівайка, старшыня Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, прэзідэнт інфармацыйнага агенцтва УНІАН: Як член калегіі дзяржтэлерадыё Украіны думаю, што буду таксама ставіць пытанне аб увядзенні адзінага падатку, таго, на якім працуюць раённыя газеты. Досыць такая цікавая схема - чыста эканамічная. Таму што ў нас газеты працуюць на агульным падаткаабкладанні, і выжываць складана.

Яшчэ адным вынікам прэс-тура стаў рэальны кантракт - кіеўская студыя купляе дзіцячую тэлепраграму, створаную на гродзенскім тэлебачанні. Іншыя СМІ - радыё і газеты - таксама працуюць над сумеснымі праектамі.