Спынена дзейнасць злачыннай групы

16 января 2017

Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю спынена дзейнасць злачыннай групы, якая, паводле звестак ведамства, планавала арганізаваць увоз сумніўнай спіртазмяшчальнай вадкасці з Расіі ў Беларусь. Падчас аператыўнай распрацоўкі недалёка ад расійскай мяжы фінансавая міліцыя і ДАІ спынілі для праверкі аўтацягнік. Машына ехала ў напрамку Полацка мясцовымі дарогамі, аб'язджаючы цэнтральныя трасы.

Юрый Кардымон, намеснік начальніка аддзела ДФР КДК Беларусі: "Пры аглядзе машыны было знойдзена там 5 600 каністраў спіртазмяшчальнай вадкасці агульным аб'ёмам 28 тысяч літраў. Згодна з заключэннем экспертаў, вадкасць не проста сумніўная, яна небяспечная для здароўя. Утрыманне метанолу перавышае дапушчальную норму больш чым у 500 разоў".

Спецыялісты гавораць, што ў вадкасці, якую канфіскавалі беларускія праваахоўнікі, утрымліваецца такі ж метанол, як і ў іркуцкім "Глозе". Нагадаем, тады ад атручэння канцэнтратам для ванн загінулі 77 чалавек.  

Юрый Кардымон, намеснік начальніка аддзела ДФР КДК Беларусі: "Па гэтым факце УСК па Віцебскай вобласці была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ў адпаведнасці з законам з'яўляецца забароненай. Гэта значыць абарот спіртазмяшчальнай вадкасці з парушэннем нарматываў у нас заканадаўча забаронены. Адпаведна, рэалізацыя, захоўванне такой вадкасці заканадаўча не дапускаецца".

Паводле звестак фінансавай міліцыі, затрыманыя жыхары Віцебскай вобласці ўяўлялі сабой ўстойлівую злачынную групу, якая планавала займацца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Зыходзячы з аб'ёмаў канфіскаванай прадукцыі, ёсць верагоднасць, што яна магла паступіць у продаж на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Падчас вобыскаў дома і ў офісе падазроных работнікамі фінансавай міліцыі выяўленыя і канфіскаваныя бухгалтарскія дакументы і носьбіты інфармацыі, якія змяшчаюць звесткі аб злачыннай дзейнасці.

Адзначым, яшчэ напрыканцы мінулага года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікаў вышэйшыя службовыя асобы і праваахоўныя органы не дапусціць трагедыі, падобнай на тую, што адбылася ў Іркуцку. Патрабаванне прагучала на нарадзе, дзе Кіраўнік дзяржавы абмяркоўваў з прадстаўнікамі ўлады ў тым ліку і пытанні бяспекі ў перыяд святаў.

Цяжка ўявіць, што б адбылося з беларусамі, калі б увесь гэты кантрафакт трапіў на рынак нашай краіны.