Пераадолець лес толькі з картай і компасам

7 июня 2016

У вялікім гушчары пад Лагойскам 200 бегуноў пазмагаліся за Кубак Беларусі па спартыўным арыентаванні. Лясныя следапыты перамяшчаліся на хуткасць і шукалі кантрольныя пункты з дапамогай карты і компаса. Прычым пераможны маршрут спартсмены складаюць адразу падчас спаборніцтваў - схему мясцовасці яны бачаць упершыню толькі на лініі старту. Майстар-клас па тым, як не згубіцца ў лесе, узяў і Ян Пашкевіч.

Чым далей у лес, тым больш... прыгод. Па такім прынцыпе Павел Красько жыве 10 гадоў. Тады ён пераадолеў свой першы маршрут на спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні. Сёння ж Павел адзін з лепшых лясных следапытаў у Беларусі - з дапамогай карты і компаса спартсмен знайшоў выхад з дзясяткаў пушчаў па ўсёй Еўропе.

Камандныя эстафеты і індывідуальныя гонкі на 8 кіламетраў – Кубак Беларусі па спартыўным арыентаванні аб'яднаў звыш 200 лясных бегуноў. Непраходныя гушчары ў Лагойскім раёне сталі гоначнай трасай для самых спрытных следапытаў з Беларусі і Расіі.

Спартсменам неабходна перадольваць не толькі перашкоды, што стварае для іх лес, але і шукаць спецыяльныя пункты, на якіх ім трэба адзначыцца.

18 кантрольных пунктаў схаваныя ў нізінах і гушчары. Каб прайсці дыстанцыю, шукальнікам трэба дакрануцца да кожнага з іх спецыяльным чыпам. Адзіныя падказкі для разгадкі маршруту – компас і карта мясцовасці, якую яны атрымліваюць толькі на старце.

Галерэя схематычных малюнкаў зялёных мясцін ўжо складае звыш 200 маршрутаў па лясах Мінскай вобласці. Сярод іх і тэматычныя вандроўкі побач з роднай вёскай Янкі Купалы, а таксама па гаях побач з Хатынню. Авалодаць арыентаваннем прапануюць і пачаткоўцам – іх вынаходлівасць правяраюць у гарадскіх парках і скверах.

Для тых жа, хто падчас летняга сезона не расстаецца з двухколавым транспартам, прапануюць вывучаць захапляльныя маршруты падчас велавандроўкі па маляўнічых мясцінах і дубровах цэнтральнага рэгіёна.