Прэм'ера ў Тэатры юнага гледача

15 апреля 2017

З паметай 16 плюс. Прэм'ера ў Тэатры юнага гледача. На сцэне мальераўскі "Лекар паняволі". Гэта дэбют французскага фарса ў Беларусі.

Рэпартаж Вольгі Мядзведзь.

Свой фарс у двух дзеяннях Мальер напісаў больш за 350 гадоў таму на роднай мове - французскай. На беларускай жа камедыйная п'еса загучала ўпершыню. Тэкст ад рукі нашага народнага паэта Рыгора Барадуліна.

Называюць аўтара адным словам - Мальер. Па традыцыйных французскіх канонах. Часта стваральніка класічнай камедыі ў афішах называюць няправільна – змешваючы псеўданім Мальер з рэальным імем Жана-Батыста Паклена, тэатры дапускаюць памылку.

Такую версію "Не па сваёй ахвоце лекар" больш нідзе не ўбачыць. У Тэатры юнага гледача камедыёграфа Мальера дапісалі яго ж цытатамі, толькі вось з іншых п'ес.

На сцэне ТЮГа камедыйнага класіка ўжо ставілі. Але гэта першы Мальер у мастацкага кіраўніка тэатра, рэжысёра Уладзіміра Савіцкага. У мастацкім афармленні спектакля узгадваецца почырк Шагала. Як у знакамітым "Палёце над горадам", над сцэнай лунаюць Бэллы. Гэтак жа для лёгкасці жанру на сцэне музычныя інструменты і жывое выкананне.

У цэнтры ўвагі - нехта Зганарэль. З ім адбыўся кур'ёз - прынялі за вядомага лекара, а людзі вакол вераць, што ён робіць цуды. Як герой справіцца з новым амплуа, гледачы даведаюцца бліжэй да заслоны.