Прадстаўлены новы афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Беларусі

9 февраля 2021
Новы сайт Прэзідэнта Беларусі сёння з'явіўся ў інтэрнэт-прасторы. Па добра знаёмым адрасе president.gov.by - абсалютна новы кантэнт. Рэсурс стаў яшчэ больш жывым і мультымедыйным.

На галоўнай старонцы сабраны ўвесь рабочы тыдзень Аляксандра Лукашэнкі. Зараз усе падзеі пад рукой! Акрамя таго, самыя актуальныя і важныя тэмы, пра якія варта памятаць, - таксама на асноўнай старонцы. 

Раім зірнуць на ўкладку "Прэзідэнт без гальштука". Як зразумела з назвы, там Аляксандра Лукашэнку можна ўбачыць і ў нефармальнай абстаноўцы, напрыклад, за зборам ураджадю на прысядзібным участку або падчас заняткаў спортам. Што важна! У гэтым раздзеле сабраны ўнікальныя фатаграфіі, якія раней не публікаваліся. Цікава ўбачыць лідара і ў салігорскай шахце, і вось на такім фота - у асяроддзі сваёй вялікай сям'і.

Дарэчы, на сайце і ўнікальныя відэа. Гэта вялікі прэзідэнцкі архіў. Зараз у агульным доступе - кадры з сярэдзіны 90-х! Акрамя таго, пастаянна абнаўляцца будзе і раздзел з фатаграфіямі для СМІ, што зручна для нашых калег-журналістаў.

Хоць сайт і называецца прэзідэнцкім, кантэнт не толькі аб Кіраўніку дзяржавы. Напрыклад, у раздзеле "Беларусь" - самая актуальная інфармацыя аб розных сферах жыцця  нашай краіны: ад эканомікі і прамысловасці да культуры і спорту.

На асобнай старонцы сабралі і самыя яркія цытаты Прэзідэнта. Прычым, прачытаць можна і тое, што розныя сусветныя лідары гаварылі пра кіраўніка Беларусі. 

А калі вы марылі пабываць у Палацы Незалежнасці ў Мінску,  вам сапраўды на сайт! Не выходзячы з дому або офіса, можна апынуцца ў інтэр'ерах сімвала беларускай дзяржаўнасці.  Рухаючыся па віртуальным туры, лёгка пабываць і ў зале, дзе праходзіла прэзідэнцкая інаўгурацыя, і там, дзе прымаюць маштабныя нарады і перамовы з сусветнымі палітыкамі. 

Націснуўшы на кнопку "Ліст прэзідэнту", можна адправіць сваё пасланне Аляксандру Лукашэнку!

Варта адзначыць, што пастаянна на сайце будуць абнаўляцца не толькі навіны аб Прэзідэнце, што само сабой зразумела, але і ўсе раздзелы. Медыярэсурс, згодна з задумкай распрацоўшчыкаў, будзе актуальным і насычаным.