Прадстаўнікі 25 краін сабраліся на вялікі медыяфорум у Брэсце

23 мая 2019

У Брэсце  адкрыўся вялікі міжнародны медыяфорум. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне  яго ўдзельнікам і гасцям.  Як блогеры ўплываюць на грамадскую думку і якія трэнды сёння намеціліся ў журналістыцы?  Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўвалі прадстаўнікі СМІ, дыпламаты, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, а таксама медыяэксперты з 25 краін. Сярод іх ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Італія, Расія і Кітай.

Уладзімір Жаўняк, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Гэта адна са значных падзей грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны, якая накіравана на вырашэнне задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Я думаю, адна з мэтаў - канцэнтрацыя міжнароднай супольнасці на выпрацоўцы пазітыўных поглядаў на тое, што адбываецца ў нашай краіне, на адкрытасць і чысціню нашай знешняй палітыкі, якая заснавана на прынцыпах добрасуседства".

Праграма форуму насычаная. Адна з галоўных тэм - развіццё рэгіянальных СМІ і праблема дэзынфармацыі. Сёння дыскусіі прайшлі па трох розных секцыях. На адной з іх абмяркоўвалі, як сучасным тэлеканалам і газетам канкураваць з сацсеткамі.

Заўтра на міжнародным форуме адкрыецца летняя школа журналістыкі.  У Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна  будуць арганізаваны аўтарскія майстар-класы ад экспертаў Беларусі і Расіі. Сёлетні медыяфорум у Беларусі  чатырнаццаты па ліку. У рэгіёне  ён праходзіць упершыню.