Старшыня ФПБ сустрэўся з калектывам і кіраўніцтвам Лідаграпраммаша

12 августа 2015

Гутарка ішла аб эканамічным становішчы прадпрыемства, занятасці працаўнікоў і перспектывах развіцця вытворчасці. 

Усе падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк.

Фінансавая нестабільнасць агаліла ў канцы мінулага года праблемы некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Справіцца атрымалася тым, хто зрэагаваў хутка, перагледзеў бізнес-планы, скараціў выдаткі, знайшоў новыя рынкі.

Лідаграпраммаш - прадпрыемства з гісторыяй. Створана яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Спачатку росквіт і продажы па ўсім Саюзе. Гэта лідскія камбайны, сеялкі, капалкі. У апошнія дзесяцігоддзі прыходзіцца самім шукаць пакупнікоў. Галоўнае пытанне - як працаваць у сучасных эканамічных умовах і застацца з прыбыткам.

Аб занятасці і перспектывах развіцця сёння гаварылі прафсаюзныя лідары і вытворцы ў Лідзе. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў на прадпрыемстве цікавіўся праблемамі непасрэдна ў працаўнікоў у цэхах.

На Лідаграпраммашы сёння больш як 400 працаўнікоў. Моладзь на самых сучасных участках. У цэху лазернай апрацоўкі. Гэтую ўсталёўку нямецкай фірмы купілі год таму. Якасць прыкметна вырасла.

Новая тэхніка - гэта павышэнне і бяспекі працы. Аб гэтым, дысцыпліне і адказнасці кожнага на сваім месцы таксама гаварылі прафсаюзнаму лідару. І дзяліліся набалелым - аб рынках збыту. Пакуль вялікімі аб'ёмамі продажаў пахваліцца не могуць. Магутнасці пад тысячу камбайнаў за год не задзейнічаныя. Прасеўшыя расійскі і ўкраінскі рынкі прымушаюць шукаць новыя. Позіркі звернутыя на Казахстан. На наступным тыдні туды адправяць 10 камбайнаў. Да канца года плануюць прадаць яшчэ 30.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "На жаль, ёсць тыя арганізацыі, прадпрыемствы, якія па-ранейшаму лічаць, што іх сёння сам пакупнік павінен выявіць, павінен знайсці. І павінен прыйсці да іх і сказаць: давайце, я ў вас куплю тэхніку. Так дзесьці і бывае, але сёння ў гэтай сітуацыі нам вельмі важна знаходзіць новыя рынкі збыту і сёння трэба рабіць усё, каб прадукцыю, якую мы выпускаем, прадаваць".

Карыстаючыся выпадкам, журналісты спыталі ў Міхаіла Орды, як кіраўніка ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты, аб апошніх дадзеных і па зборы подпісаў.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "На сённяшні дзень за Аляксандра Рыгоравіча, за вылучэнне яго кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь захавана больш як 900 тысяч подпісаў грамадзян Рэспублікі Беларусь. І па той дынаміцы, якую мы бачым, да канца тыдня за Аляксандра Рыгоравіча будзе сабрана больш за мільён подпісаў".

Аб развіцці Лідаграпраммаша гаварылі і за сталом перамоў з кіраўніцтвам і прафкамам. Па зарплаце тут затрымак няма. Матэрыяльная дапамога - шматдзетным і прыёмным сем'ям. З ростам аб'ёму вытворчасці будуць расці і прыбыткі. Працоўны калектыў захавалі, бо разлічваюць на новыя заказы і пішуць бізнес-план да 2030 года.

На палях Лідскага раёна тэхніка гэтага прадпрыемства задзейнічаная. Жніво тут плануюць завяршыць ужо праз тыдзень. Убрана 75% плошчаў. А сёння старшыня Федэрацыі прафсаюзаў ушаноўваў моладзевы экіпаж тысячнікаў.

Прызы моладзевы экіпаж атрымлівае ўпершыню. Хоць старэйшы камбайнер Сяргей Жэжа збожжа збірае ўжо шосты год, а вось яго памочніку Аляксею Лункевічу пашанцавала - першы раз сеў за камбайн сёлета і выйшаў у лідары.