Старшыня Белтэлерадыёкампаніі сустрэўся с будучымі журналістамі ў Гродне

22 сентября 2018

Праблемы падрыхтоўкі маладых спецыялістаў сёння абмяркоўвалі ў Гродне. У прыватнасці, пытанні дэфіцыту якасных журналісцкіх кадраў у краіне неабходна вырашаць з прыцягненнем рэгіянальных ВНУ.

Да прыкладу, у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы будучых акул пяра рыхтуюць з 2006-га. Нароўні з укараненнем найноўшых тэхналогій, сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай стаўку тут зрабілі і на практыка-арыентаванае навучанне. Ужо з першага курса студэнты кафедры журналістыкі актыўна працуюць з рэгіянальнымі друкаванымі і электроннымі СМІ. У Гродзенскай вобласці створаны своеасаблівы медыякластар. Ён дазваляе карэспандэнтам-пачаткоўцам, рэжысёрам і аператарам ствараць паўнавартасны медыйны прадукт.

У гродзенскай ВНУ з'явілася магчымасць наладзіць цесныя сувязі і з галоўным медыяхолдынгам краіны. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант сёння сустрэўся са студэнтамі і абмеркаваў пытанні падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Была выказаная прапанова арганізаваць семінары для будучых работнікаў электронных СМІ.

Сустрэча са студэнтамі адбылася па слядах гутаркі з Прэзідэнтам у студыі Белтэлерадыёкампаніі. Тады была агучаная праблема падрыхтоўкі будучых журналістаў. Аналагічныя зносіны кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі адбудуцца ва ўсіх рэгіянальных ВНУ, дзе рыхтуюць кадры для СМІ.