Старшыня Белтэлерадыёкампаніі пагутарыў з работнікамі агракамбіната Скідальскі

20 ноября 2013
Сучасная медыйная палітыка, тэлевізійныя рэйтынгі і барацьба з пірацкім кантэнтам на мясцовых тэлестудыях - і гэта яшчэ не ўсе пытанні, на якія сёння адказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Кіраўнік найбуйнейшага медыяхолдынга Беларусі знаходзіцца ў Гродне. Як паказала паўтарагадзінная гутарка з работнікамі агракамбіната Скідальскі, гледачоў цікавіць уся тэлевізійная кухня. Як складаюцца ТБ-рэйтынгі і чаму вядучыя эканамічных праграм - сур'ёзныя людзі? Шэраг пытанняў пасля сустрэчы пераадрасуюць магчыма да мясцовых кабельных аператараў. Прысутных асабліва зацікавіла, калі ж у іх сетках з'явіцца тэлеканал Беларусь 5.

Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі: Самае каштоўнае, што я вось сёння для сябе прыкмеціў, гэта тое, што людзі вельмі добра ставяцца да Белтэлерадыёкампаніі. Да нашых каналаў і да таго, што мы робім, у прынцыпе добра. Дзесьці крытычна, дзесьці з заўвагамі і пажаданнямі, але ў цэлым вельмі добразычліва. Настрой і адносіны людзей канструктыўныя і гэта радуе.

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі сустрэўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Таксама сёння Генадзь Давыдзька пагутарыў і з участковымі інспектарамі рэгіёну як старшыня грамадскага Савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.