Пераднавагоднім цудам можна назваць выратаванне нованароджанага з рэдкай паталогіяй

29 декабря 2017

Няйнакш як пераднавагоднім цудам можна назваць выратаванне нованароджанага з рэдкай паталогіяй. Хірургі Навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі прааперыравалі хлопчыка ўжо на другі дзень жыцця. У немаўляці адсутнічала артэрыя да левага лёгкага. Зараз кроў паступае праз стэнт і хлопчык, якому сёння роўна тыдзень, працягвае дыхаць і расці. Аб унікальным выпадку ў практыцы ўрачоў распавядзе Наталля Тарасюк.

Хірург Мікалай Шаўчэнка такога юнага пацыента прааперыраваў упершыню. У мінулую пятніцу, ужо на другі дзень пасля з'яўлення на свет, хлопчыка ў цэнтр дзіцячай хірургіі перавялі з клінікі "Маці і дзіця". Зараз там аднаўляецца мама малога. З-за закрытага сасуда ў дзіцяці кроў не паступала ў левае лёгкае. Выправіць сітуацыю прэпаратам не атрымалася.

Менавіта ў гэтай аперацыйнай хірургі выратавалі не толькі само лёгкае, але і жыццё дзіцяці. Умяшанне заняло 3,5 гадзіны. Каб мінімізаваць рызыкі для жыцця немаўляці, хірургі пайшлі на малаінвазіўную аперацыю, г.з. без вялікіх разрэзаў.

Урачы пашырылі сасуд дыяметрам каля двух міліметраў і паставілі ў яго стэнт. Аперацыя тэхнічна складаная. Паталогія даволі рэдкая. Штогод такі дыягназ могуць паставіць аднаму-двум малышам.

Дзяцей з такім дыягназам паспяхова аперыруюць, але, як правіла, ніяк не на другі дзень пасля нараджэння. У будучыні хірургі вымуць стэнт і ўшыюць лёгачны ствол падчас наступнай, ужо адкрытай аперацыі. І яшчэ адзін шанц на тое, што яна будзе ўдалай, дало менавіта экстраннае малаінвазіўнае ўмяшанне.

Гэты хлопчык, якому сёння роўна тыдзень, стане больш як тысячным пацыентам цэнтра сёлета. Прычым палову дзяцей з прыроджаным парокам сэрца ўрачы вылечылі без адкрытай аперацыі - з дапамогай маленькіх праколаў.

Дзякуючы новаму абсталяванню ў цэнтры зараз могуць лячыць і арытмію ў дзяцей з пяці гадоў. Дзякуючы тэхніцы разам з майстэрствам хірургаў магчымасць паправіцца і развівацца нароўні з аднагодкамі ёсць і ў прааперыраванага хлопчыка.