Святкаванне Дня Перамогі аб'яднала тысячы беларусаў

9 мая 2017

Ад Палаца спорту да Лошыцкага парку. Эстафета святочных мерапрыемстваў стартавала адразу пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. Сёння ўрачыстая атмасфера, якая панавала ва ўсіх парках і скверах Мінска, аб'яднала тысячы беларусаў. Варта сказаць, што арганізатары святочных пляцовак пастараліся дагадзіць усім гасцям. Напрыклад, у парку Чалюскінцаў маленькія беларусы змаглі пракаціцца па ўнікальным маршруце, арганізаваным на Дзіцячай чыгунцы. А ў парк Перамогі, у літаральным сэнсе, прыбеглі аматары спорту - там адбыўся забег адважных. Як сталіца сустракала 72-ю гадавіну Вялікай Перамогі - рэпартаж Таццяны Кароль.

Гукі музыкі ў гонар Дня Перамогі адзіным акордам загучалі ў паветры над Мінскам пасля апоўдня. Усе паркі і скверы сталіцы сталі вялізнай канцэртнай пляцоўкай. Ля Палаца спорту на 15 тысячах квадратных метраў размясціўся горад майстроў, асноўная сцэна, і нават прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па сілавым экстрыме.

Верхні горад сустракаў гасцей сімфанічнай музыкай і тэматычнымі фотазонамі. Акрамя класікі, тут у незвычайных аранжыроўках можна было пачуць і знаёмыя кожнаму ваенныя песні.

Сёння ўся сталіца на кожнай святочнай пляцоўцы з гонарам і быццам ва ўнісон прамаўляе: "З Днём Перамогі!". Напрыклад, канцэрт, прысвечаны новаму турыстычнаму сезону, праходзіць у Верхнім горадзе. Тут сабраліся аматары музыкі і танцаў. Зрэшты, каб прачуць атмасферу свята, неабавязкова было прыязджаць у цэнтр, бо канцэртныя пляцоўкі цэлы дзень працуюць ва ўсіх раёнах Мінска.

Парк Перамогі стаў эпіцэнтрам здаровага ладу жыцця. Тут прайшоў Усебеларускі забег адважных. У марафоне прынялі ўдзел 1200 чалавек, сярод іх - упершыню малыя 4-х гадоў. І кожны на сваёй дыстанцыі праверыў цягавітасць і сілу волі. На фінішы ўсе ўдзельнікі атрымалі памятны медаль.

Паводле традыцыі, у гэты дзень у шлях ад станцыі "Заслонава" Дзіцячай чыгункі адправіўся цягнік Вялікай Перамогі. Тут таксама іграе музыка, а галоўнымі дзеючымі асобамі канцэрта сталі маленькія беларусы. Праўнукі пераможцаў таксама ведаюць радкі сімвалічных майскіх песень.

У парку Чалюскінцаў пад адкрытым небам запрацавала выстава дзіцячых малюнкаў. Побач - партрэты тых, хто, на жаль, ведае вайну наяве. У экспазыцыі студэнтаў мастацкага каледжа імя Глебава - ветэраны. А вось у парку Горкага прайшлі адразу некалькі флэшмобаў - аркестравае дэфіле і, вядома, канцэрт.

Зрэшты, для таго каб прачуць атмасферу свята, не абавязкова ехаць у цэнтр. Лошыцкі парк стаў пляцоўкай акцыі "Кветкі Вялікай Перамогі" - у ёй паўдзельнічалі самыя маленькія беларусы. Да абеліска ў гонар воінаў і партызан, загінуўшых падчас вызвалення Мінска, леглі жывыя кветкі. Памяць воінаў ушанавалі хвілінай маўчання.

Зрэшты, свята ў Мінску пачалося 9 мая роўна апоўначы: на пляцоўцы каля Трактарнага завода дзясяткі машын выстраіліся ў надпіс "Перамога". Каля 200 чалавек з фанарыкамі ўтварылі словы: "Са святам!".

Усяго святочных месцаў на карце Мінска каля трох дзясяткаў. На вуліцу, каб сказаць дзякуй тым, хто абараніў для будучых пакаленняў мір, выйшлі тысячы беларусаў. Без сумнення, няма ў нашай краіне сям'і, дзе не было б свайго героя - дзеда, прадзеда або бацькі, які калісьці пайшоў на фронт, каб сёння мы маглі вымавіць з гонарам: "З Днём Перамогі". І мы прамаўляем з года ў год, бо Беларусь памятае подзвіг кожнага салдата, які вярнуўся або не вярнуўся з той страшнай вайны.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя