Святкаванне 9 Мая завяршыў маштабны канцэрт ля Вечнага агню ў цэнтры Мінска

10 мая 2019

Канцэрт на Плошчы Перамогі стаў ужо добрай традыцыяй - праект сабраў публіку як на вуліцы, так і ля экранаў тэлевізараў вось ужо  чацвёрты раз. Ля велічнага абеліска мінулым вечарам гучалі песні вайны, вершы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Фінальным акордам урачыстасці стаў святочны салют. Падрабязнасці - у Іны Пілевіч.

У імправізаваным партэры пад адкрытым небам публіку сустракалі з падарункамі. Кожнаму госцю - бутаньерка - стужачка ў колер дзяржаўнага флага і кветка яблыні. Такія цвілі 9 мая 1945 года, калі наступіла доўгачаканая Перамога. У гонар тых, хто за яе змагаўся, мінулым вечарам гучалі песні ля Вечнага агню на плошчы Перамогі.

Спецыяльна да ўрачыстасці абеліск, які нагадвае пра подзвіг продкаў, змяніўся. На плошчы Перамогі ўстанавілі сцягі, расцяжкі, экраны, светлавыя прыборы. А ля Вечнага агню заслалі святлодыёдную падлогу - гэта дазволіла падкрэсліць кульмінацыйныя моманты праграмы "Беларусь памятае"

У праграме святочнага open air - песні, якія дапамагалі нашым дзядам і прадзядам не пасці духам у гады Вялікай Айчыннай. У выкананні беларускіх артыстаў гучалі такія кранальныя кампазіцыі, як "Эх дарогі", "Майскі вальс", "Я люблю цябе, жыццё". 

У канцэрце "Беларусь памятае" задзейнічана 7 соцень выканаўцаў. Упершыню сябе ў ролі акцёраў паспрабавалі і курсанты Ваеннай акадэміі.

Кульмінацыяй урачыстасці стала масавае выкананне песні "Дзень Перамогі". Сотням артыстаў падпявалі тысячы гледачоў - як на вуліцы, так і ля экранаў тэлевізараў - прамую трансляцыю канцэрта вёў тэлеканал "Беларусь 1".

На фінальных нотах вядомай кампазіцыі неба над Мінскам расфарбаваў святочны салют. 30 залпаў былі дадзеныя з 6 месцаў горада і раёна. Агнявая феерыя, каб памяталі аб тых, хто з агнём у сэрцы змагаліся за Перамогу.