Свята рамёстваў "Слуцкія паясы" аб'яднала майстроў з розных куткоў Мінскай вобласці

22 сентября 2015

На адной пляцоўцы прадэманстраваны вырабы з дрэва, лазы, саломы і нават кукурузнага лісця. На вуліцах Слуцка выставілі старадаўнія ткацкія станкі, за імі рамесніцы дэманстравалі сваё майстэрства. Кожны мог пазнаёміцца з тэхнікай вырабу самага важнага элемента беларускага касцюма - пояса. Рэпартаж Наталлі Кузьміцкай.

Чаўнок, нібы жывы, спраўна бегае ў руках школьніка Ільі Маслака. Хлопчык на старадаўнім ткацкім станку працуе старанна і ўважліва. Варожыць над узорам, у якім пераплятаюццца рознакаляровымі фарбамі ніткі.

Раней у кожнай сялянскай хаце на самым пачэсным месцы стаяў ткацкі станок. Цяпер кросны можна ўбачыць хібА што ў музеі ці ў Доме рамёстваў, а майстрых-ткачых, якія дасканала валодаюць сакрэтамі аўтэнтычнай справы, можна пералічыць па пальцах. Усе, хто адраджае і працягвае старадаўнія традыцыі, сабрАліся на абласное свята “Слуцкіх паясоў”.

Рамесніцкі фестываль сабрАў народных умельцаў з усіх куткоў Мінскай вобласці. На выставачных пляцоўках - вырабы лепшых майстроў ткацтва, салома- і лозапляцення, ганчарства, разьбы па дрэве, вышыўкі і іншых відаў рамёстваў. Акрамя абавязковых майстар-класаў - конкурсная праграма.

Арганізаторы гэтага казачнага конкурсу сёлета атрымалі амаль сто заявак на ўдзел - з 17 раёнаў цэнтральнага рэгіёна.

Тэатралізаваныя пакАзы, музычныя падарункі ад лепшых фальклорных калектываў, дзіцячыя конкурсы, забаўныя латарэі і святочны гандаль - Слуцк другі раз падарыў мясцовым жыхарам і гасцям сапраўднае свята – самабытнае і яскравае.